Актывісты па барацьбе са змяненнем клімату вылілі чорную фарбу ў знакаміты фантан Баркача ў Рыме
Сітуацыю пракаментаваў мэр горада.
03.04.2023 / 15:11
Фота: Ultima Generazione, Twitter
Кліматычныя актывісты з руху Ultima Generazione («Апошняе пакаленне») вылілі «чорную вадкасць на аснове драўнянага вугалю» ў знакаміты фантан Баркача ў цэнтры Рыма. Відэазапіс падзеі з’явіўся 1 красавіка на афіцыйнай старонцы Ultima Generazione ў твітары.
«Абсурдна, што гэта вас шакуе, калі ў той жа час мы перажываем надзвычайную сітуацыю з-за засухі, якая ставіць сельскую гаспадарку і вытворчасць энергіі ў крызіс», — напісалі актывісты пад відэа.
Адразу пасля акцыі маладых людзей арыштавала паліцыя, і цяпер яны знаходзяцца пад вартай. Ім афіцыйна прад’яўлена абвінавачанне ў апаганенні грамадскага помніка.
Сітуацыю паспеў пракаментаваць мэр італьянскай сталіцы Рабэрта Гуальцьеры, які ў той жа дзень наведаў забруджаны фантан. Паводле яго слоў, пашкоджанне Баркачы не мае нічога агульнага з абаронай клімату і навакольнага асяроддзя.
«Рым знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы са змяненнем клімату і ў абароне мастацкай спадчыны. Кідаць чорную вадкасць у Баркачу, рызыкуючы сапсаваць яе, — абсалютна няправільны жэст, які не дапамагае навакольнаму асяроддзю», — напісаў мэр Рыма ў сваім твітары.
Акрамя гэтага, Гуальцьеры паведаміў, што фантан на дадзены момант ужо цалкам ачышчаны і Баркача «зноў можа напоўніцца прыгажосцю».
Нагадаем, што рух «Апошняе пакаленне» ужо не першы раз ладзіць падобныя акцыі супраць змянення клімату. Напрыклад, ў мінулым годзе экаактывісты аблілі супам карціну Ван Гога, кінулі бульбяное пюрэ ў працу Клода Манэ, зрэзалі верхавіну галоўнай ёлкі Берліна, а таксама прыляпілі сябе да берлінскай аўтамагістралі, чым выклікалі кіламетровы затор.
Чытайце таксама:
У Венецыі шукаюць «ідыёта», які скочыў з трохпавярховіка проста ў канал