«Усіх заб’ём, каго трэба, абрабуем. З Богам». Хто такі Уладлен Татарскі, якога падарвалі ў піцерскай кавярні

Ваенкар Уладлен Татарскі, якога забілі падчас яго творчага вечара ў кавярні Санкт-Пецярбурга, расказваў, што выхоўваўся ў рускім духу, і адзначыўся шавіністычнымі заявамі.

02.04.2023 / 20:38

Уладлен Татарскі. Фота: яго тэлеграм-канал

Уладлен Татарскі — гэта псеўданім расійскага блогера з батальёна «Усход» і ваеннага карэспандэнта Максіма Фаміна, які падтрымліваў агрэсію Расіі супраць Украіны.

Ён запісваў відэаролікі з «аналізам» вайны і даваў парады мабілізаваным расіянам. Быў сярод запрошаных на выступленне Пуціным з нагоды «узаконьвання» акупацыі Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей.

У адным з ролікаў, запісаным у верасні мінулага года, ён заявіў, што «усіх пераможам, усіх заб’ём, усіх, каго трэба, абрабуем і ўсё будзе, як любім, з Богам».

А ўчора ваенкар не хаваў радасці ад паведамлення аб смерці беларускага добраахвотніка.

Татарскаму было 40 гадоў. Па яго словах, нарадзіўся ён і ўсё жыццё пражыў у Макееўцы, на Данбасе. Казаў, што яго бацька — «рускі патрыёт, звычайны шахцёр» і выхоўваў яго ў патрыятычным духу. Ён у дзяцінстве рабіў «дробныя дысідэнцкія выхадкі на ўроках украінскай мовы».

Татарскі казаў, што займаўся бізнэсам, пакуль яго не пасадзілі за рабаванне банка. У 2014 годзе ўцёк з турмы і далучыўся да прарасійскага апалчэння.

Потым яго зноў пасадзілі, бо юрыдычных падставаў для вызвалення не было. Затым ён быў памілаваны і адслужыў па кантракце. У 2019-м звольніўся і заняўся блогерскай дзейнасцю, паехаў працаваць у Маскву. Калі пачалася поўнамаштабная вайна вярнуўся на фронт.

Уладлен Татарскі. Фота: business-gazeta.ru

Пра свае ўцёкі з турмы напісаў кнігу, якую выдаў, жывучы ў Маскве. Нядаўна выйшла яшчэ адна яго кніга — зборнік апавяданняў «Медытацыя».

Татарскі лічыў, што «Украіна як дзяржава ў цяперашнім выглядзе павінна быць знішчана».

Ваенкар прызнаваўся, што не чакаў ад Украіны супраціву. Каб яе перамагчы трэба было, заяўляў ён, наносіць бязлітасныя ўдары і бамбардаванні.

«Калі б мы ў першы дзень пахавалі ў казармах Украіны 10 тысяч украінскіх салдат, то яны былі б на перамовах згаворлівымі, гэта б дэмаралізавала мацней», — заяўляў Татарскі ў адным з інтэрв'ю.

Уладлена Татарскага забіла 2 красавіка выбухам ў кафэ Street Food Bar №1 у Санкт-Пецярбургу. Там ён выступаў з лекцыяй пра тое, як «весці рэпартажы з гарачых кропак» і «што такое быць ваенкарам».

Сустрэча з Татарскім была арганізавана дыскусійным клубам «Кібер Фронт Z». У ліпені 2022 года уладальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын казаў, што Street Food Bar №1 належыць яго кампаніі «Канкорд».

У піцерскай кавярні падарвалі ваенкара Уладлена Татарскага. Выбухоўку, імаверна, схавалі ў падоранай статуэтцы

Nashaniva.com