Лукашэнка запужвае дэпутатаў: Не будзе мяне, будуць цкаваць вашых дзяцей

Лукашэнка падчас паслання 31 сакавіка зноў пачаў запэўніваць, што нібыта не трымаецца за ўладу. А пасля патлумачыў, чаму не сыдзе.

31.03.2023 / 11:58

Скрыншот відэа БТ

«Не думайце, што я, учапіўшыся ў гэтае крэсла, трымаюся за гэтую ўладу. Абсалютна шчыра пра гэта кажу. Вы бачыце, якія абставіны. Многія хацелі б, каб Лукашэнкі не было. А калі яны хочуць, каб мяне не было там, значыць, трэба рабіць наадварот. Гэта мой прынцып.

Таму я не буду за гэтую пасаду трымацца. Не. Не. І яшчэ раз не. Я думаю пра будучыню. Таму што, як ва ўсіх вас, у мяне ёсць дзеці, унукі, якія павінны жыць у мірнай і незалежнай краіне.

Я больш за іншых разумею, што калі не будзе Лукашэнкі, то на яго дзяцей будуць ціснуць з усіх бакоў. А гэта для мяне непрымальна. Будуць ціснуць і цкаваць вашых дзяцей, асабліва тых, хто стаў у 2020 годзе побач і выстаяў. Будуць здзекавацца з людзей у пагонах. Я думаю пра гэта», — запалохваў Лукашэнка.

Скрыншот відэа БТ

Таксама ён заявіў, што ягоны «век заканчваецца» і што перапісваць пад сябе Канстытуцыю ён не будзе, але і паміраць не збіраецца.

Nashaniva.com