Дэпутаты ад Аўстрыйскай партыі свабоды выйшлі з залы парламента падчас выступу Зяленскага

Дэпутаты парламента Аўстрыі ад права-папулісцкай Партыі свабоды, вядомай сувязямі з Крамлём, у чацвер дэманстратыўна выйшлі з залы падчас выступу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

31.03.2023 / 07:56

Перад выступам Зяленскага па відэасувязі фракцыя Партыі свабоды заявіла, што ён парушае нейтралітэт Аўстрыі.

Аўстрыя, чый нейтральны статус быў замацаваны ў Канстытуцыі пасля Другой сусветнай вайны, не дапамагае Украіне зброяй і боепрыпасамі, але аказвае гуманітарную і фінансавую дапамогу.

У 2018 годзе расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін прыязджаў на вяселле міністра замежных спраў ад Партыі свабоды Карын Кнайсль і танцаваў там з нявестай. Пазней Кнайсль атрымала месца ў радзе дырэктараў «Раснафты».

У наступным годзе Партыю свабоды выгналі з урадавай кааліцыі праз скандал з відэазапісам, на якім лідар партыі Хайнц-Крысціян Штрахе ў размове з падстаўной «пляменніцай кіраўніка расійскай газавай кампаніі» выказаў гатоўнасць дапамагчы расіянам у атрыманні кантрактаў у Аўстрыі за вялікі ўнёсак у партыйную касу.

Nashaniva.com