«Без вас у канчатковым рахунку наша гульня не мае значэння». Капітан зборнай Беларусі па футболе выказаўся пра апошнія матчы
Капітан зборнай Беларусі па футболе Яўген Яблонскі па выніках дзвюх апошніх правальных гульняў каманды звярнуўся ў інстаграме да заўзятараў.
30.03.2023 / 18:05
Паводле футбаліста, ён разумее, якое глыбокае расчараванне пакінулі гэтыя два матчы. На яго думку, «мы маглі і павінны былі выціснуць больш», але «ў выніку далі толькі падставу для размоў і негатыўных эмоцый».
Негатыўныя эмоцыі Яблонскі трактуе як паказчык таго, «што вам неабыякавая нацыянальная каманда», а злосных каментатараў ён, як сцвярджае, таксама разумее.
«Я спадзяваюся, вы знойдзеце ў сабе сілы застацца з камандай і працягнуць яе падтрымліваць (калі не — разумею). Таму што без вас, у канчатковым рахунку, наша гульня не мае значэння. Нават калі вам здаецца інакш», — адзначыў футбаліст.
У першых адборачных матчах да чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева без сур'ёзнай барацьбы саступіла абодвум сапернікам — зборнай Швейцарыі (0:5) і зборнай Румыніі (1:2).
Чытайце таксама:
Зборная Беларусі па футболе прайграла і «галоўную гульню». Гэтым разам румынам
Галоўны трэнер зборнай: У паразе ад Швейцарыі 0:5 нічога страшнага няма
Гаспадар у беларускім футболе новы, а вынікі старыя. Беларусь — Швейцарыя — 0:5