Папа Францішак трапіў у бальніцу
Ватыкан паведаміў, што Папа Рымскі Францішак трапіў у бальніцу з рэспіраторнай інфекцыяй і правядзе там некалькі дзён, піша Бі-бі-сі.
30.03.2023 / 07:28
Фота: Andrew Medichini / AP
У заяве Каталіцкай царквы сказана, што ў апошнія дні ў пантыфіка былі цяжкасці з дыханнем, аднак кавід у яго не выяўлены. Францішак мае патрэбу ў «некалькіх днях неабходнага бальнічнага догляду», піша Ватыкан.
Цяпер у рабочым графіку 86-гадовага пантыфіка асабліва шмат падзей — з улікам падрыхтоўкі да Вялікадня, які сёлета будзе адзначацца 9 красавіка.
У гэтыя выходныя ў Ватыкане павінна адбыцца служба з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім (або імша Вербнай нядзелі).
У канцы красавіка Францішак таксама павінен здзейсніць візіт у Венгрыю.
У сераду раніцай Францішак прыняў удзел у штотыднёвай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, папа Рымскі актыўна працуе і сёлета ўжо здзейсніў некалькі паездак за мяжу. У тым ліку ён наведаў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан.
У студзені Францішак правёў пахаванне свайго папярэдніка Папы Бенедыкта XVI, які стаў першым пантыфікам за многія стагоддзі, што добраахвотна падаў у адстаўку праз стан здароўя.
Раней папа Францішак казаў, што таксама можа сысці са сваёй пасады, калі яго здароўе пагоршыцца.
Чытаць таксама:
Папа Францішак назваў украінцаў «народам-пакутнікам»
Папа Францішак паедзе ў Кіеў толькі тады, калі яго запросяць і ў Маскву