Арцём Шрайбман перайшоў на беларускую мову

У жывым эфіры «Еўрарадыё» аналітык Арцём Шрайбман упершыню ад пачатку да канца гаварыў па-беларуску. «Наша Ніва» сабрала асноўныя ідэі яго выступу.

30.03.2023 / 09:54

Арцём Шрайбман у студыі «Еўрарадыё». Скрыншот з відэатрансляцыі

Заява Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі — нечаканасць для Лукашэнкі

Тэорыя аб тым, што Беларусь рыхтавалася да размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, таму і загадзя былі ўнесеныя адпаведныя змены ў Канстытуцыю, не вытрымлівае крытыкі.

Аналітык звяртае ўвагу на тое, што першым пазбавіцца ад артыкула ў Канстытуцыі аб бяз'ядзерным статусе Беларусі і нейтралітэце краіны прапанаваў Уладзімір Макей на Усебеларускім народным сходзе ў лютым 2021 года.

«Калі так, то атрымліваецца, што не толькі Лукашэнка ведаў пра вайну за год да яе пачатку, але і Макей ведаў. І ўсе ведалі, што вайна не пойдзе па сцэнарыі ўзяцця Кіева за 10 дзён. І што спатрэбіцца праз год вайны шантажаваць увесь свет ядзернай зброяй», — адзначае Шрайбман.

На думку аналітыка, Лукашэнка проста таргаваўся і прапаноўваў Расіі найбольш амбіцыйныя саступкі, якія ёй былі не патрэбныя. Вельмі шмат разоў Пуцін проста адмаўляўся. Пра гэта на працягу ўсяго 2022 года казалі як прэс-сакратар Пуціна, так і міністр замежных спраў Расіі. А калі Пуціну нарэшце спатрэбілася, ён скарыстаў шэраг выказванняў з боку Лукашэнкі.

Аналітык лічыць, што Лукашэнка нічога не ведаў пра планы Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Умовы для такога рашэння былі дастаткова стабільнымі ў рыторыцы беларускага палітыка. Ён разглядаў размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў якасці адказу на размяшчэнне яе ЗША ля заходніх межаў Беларусі, напрыклад, у Польшчы.

«І тут Пуцін абвяшчае аб гэтым кроку пры цалкам іншых нагодах. І гэта яшчэ адзін паказчык, што меркаванне Лукашэнкі тут ніхто не ўлічваў. Магчыма, яго нават не папярэдзілі перад гэтай заявай Пуціна», — падкрэслівае Шрайбман.

Адсутнасць якіх-небудзь заяваў з боку Лукашэнкі пра план Пуціна палітычны аналітык тлумачыць неабходнасцю беларускага боку высветліць канкрэтныя крокі па яго рэалізацыі. Паўза неабходная для вызначэння таго, якая версія будзе афіцыйнай. Гэта таксама дазваляе думаць, што заява Пуціна не была ўзгодненая з Лукашэнкам.

Якія наступствы можа мець рэалізацыя плана Масквы для Беларусі 

«Заява Пуціна выводзіць вайну на ўзровень НАТА. І гэта робіць беларускія вайсковыя аб'екты мішэнню для нанясення ўдараў. Пры гэтым ніхто не будзе высвятляць, ці сапраўды ядзерная зброя знаходзіцца ў Беларусі», — звяртае ўвагу Шрайбман.

На яго думку, размяшчэнне ядзернай зброі — палітычнае рашэнне, а не сапраўдны ваенны план выкарыстання ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. «Гэта не мае ніякага ваеннага сэнсу. Мы пабачым новыя дэманстрацыйныя крокі, напрыклад, завоз зброі ў Крым, калі Пуцін будзе лічыць, што трэба працягваць эскалацыю. Мая стаўка — на тое, што ў агляднай будучыні эскалацыя будзе працягвацца. Бо ні адзін з бакоў не гатовы да саступак. І таму, калі не ў ліпені, то пазней мы ўбачым ядзерную зброю ў Беларусі», — адзначае аналітык.

«Ёсць опцыі, і я бы не быў такім фаталістычным. Мы не ведаем, ці будзе Пуцін гатовы пайсці на самазабойства. Гэта пытанне для мяне не вырашанае», — заявіў Шрайбман у адказ на пытанне аб магчымасці прымянення Крамлём ядзернай зброі. Сярод магчымых варыянтаў, на яго думку, можа быць як страх Пуціна, так і яго адхіленне ад улады ў выніку палітычнага крызісу ў Расіі, або змена вектара расійскай прапаганды ў бок пераканання лаяльнай аўдыторыі ў тым, што Расія і не планавала істотных дасягненняў.

Што ў адказ могуць зрабіць Украіна і НАТА

Аналітык упэўнены, што Украіна не будзе наносіць прэвентыўны ўдар па ядзерных аб'ектах Расіі ў Беларусі:

«Я не бачу для Украіны сэнсу правакаваць Расію на размову на мове ядзернай зброі. Ёсць больш актуальныя праблемы — трэба выціскаць расійскую армію. І калі б Украіна нанесла ўдар па ядзерных аб'ектах Расіі ў Беларусі, гэта было б адкрытае запрашэнне для Расіі прымяніць сваю ядзерную зброю на полі бою ва Украіне».

«Даволі зразумела, якім будзе адказ, калі Пуцін нападзе на якую-небудзь з краін з прымяненнем ядзернай зброі. Удар будзе нанесены па цэнтрах прыняцця рашэнняў у Расіі. Таму Пуціну неабходна спачатку выкарыстаць гэтую зброю так, каб не атрымаць удар у адказ. Гэта ўдары па Украіне ці па Чорным моры. Удары па тэрыторыі НАТА — апошняя прыступка. Навошта адразу заскокваць на апошнюю прыступку — для мяне незразумела, нават калі і лічыць Пуціна самазабойцам».

Разгорнутая ў Беларусі прапаганда аб неабходнасці ядзернай зброі ў вайне не спрацуе

«Даволі цяжка пераканаць беларусаў, што гэтая зброя для абароны. Бо гэта ў прынцыпе — наступальная зброя. Сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся вясной-летам 2022 года, паказалі, што ад 75 да 85 працэнтаў рэспандэнтаў супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. І гэта пры тым, што 40 працэнтаў падтрымліваюць пэўныя расійскія наратывы. Чарнобыль сядзіць у падсвядомасці. Таму прапаганда будзе ісці насуперак глыбінным, больш падсвядомым устаноўкам. Тым больш, што ўлада апошнія год-паўтара будавала свой унутраны імідж на тым, што яна — гарант міру ў Беларусі. Таму прапагандзе трэба будзе здзейсніць разварот. Гэта будзе цяжка рэалізаваць. Таму, хутчэй за ўсё, проста будзе зменшаная значнасць ці будзе маўчанне», — лічыць Шрайбман.

Што можа атрымаць рэжым ад размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі

Аналітык адзначае, што рашэнне Расіі, акрамя істотных рызык, дае і пэўныя выгады для Лукашэнкі:

«Гэта большая лаяльнасць з боку Расіі, магчымасць патрабаваць ад Пуціна новых саступак. І магчымасць, гандлюючы вайсковым суверэнітэтам, не гандляваць палітычным».

Факт з'яўлення ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не дазволіць больш ігнараваць беларускае пытанне

«Калі будуць мірныя перамовы, то беларускае пытанне будзе на іх узнятае. Украіна запатрабуе поўнай дэмілітарызацыі Беларусі. Да яе далучацца і Польшча і Літва».

Узмацненне санкцый аналітык звязвае толькі з фактам размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. «Але і да гэтага Польшча можа нешта ў аднабаковым парадку прадпрыняць», — заўважае Шрайбман.

Калі гаварыць пра канкрэтныя санкцыі, то Шрайбман спаслаўся на інтэрв'ю Зміцера Крука «Нашай Ніве».

Сам жа адзначае:

«На ядзерную, як і на любую іншую эскалацыю, ёсць два шляхі адказу. Альбо вы пагаджаецеся, што вас напужалі, і сядаеце за стол перамоваў. Альбо вы ў адказ таксама эскалуеце, каб даць другому боку зразумець, што яго шантаж не працуе. Другі варыянт больш імаверны. Бо калі вы ў адказ на шантаж Пуціна змякчаеце сваю пазіцыю, то вы запрашаеце і Пуціна, ды іншыя краіны, у якіх ёсць ядзерная зброя, заўсёды карыстацца такім шантажом для вырашэння сваіх палітычных мэт. І іншыя краіны, у якіх ядзернай зброі няма, захочуць яе мець для такога ж шантажу».

Ядзерны шантаж з боку Расіі можа быць дапоўнены міграцыйным шантажом з боку Беларусі

Аднаўленне авіяруху з Багдадам і Тэгеранам паказвае магчымасць аднаўлення міграцыйнага шантажу. Шрайбман звяртае ўвагу на мала кім заўважаную заяву Памежнага камітэта Беларусі аб тым, што той прагназуе большыя міграцыйныя патокі ў сувязі з набліжэннем цёплага сезона.

«Ва ўмовах, калі ў Лукашэнкі вельмі абмежаваныя магчымасці для эскалацыі ў адказ, мігранты — адзін з двух відавочных рычагоў. Першы — правакацыі на мяжы (новая хваля мігрантаў). Другая — узмацненне рэпрэсій супраць польскай грамады. Размовы пра магчымыя гуманітарныя амністыі могуць спыніцца», — лічыць Шрайбман.

Магчымае размяшчэнне ядзернай зброі змяніла рыторыку дэмакратычнай апазіцыі

Для людзей, якія мелі памяркоўную пазіцыю, выступалі за дыялог з уладамі, наступіў канцэптуальны крызіс.

«Заўсёды такія эскалацыйныя моманты ўзмацняюць ястрабаў з усіх бакоў: у дэмсілах, у Еўрасаюзе, у беларускай уладзе. Гэта час, калі ястрабы дыктуюць павестку. І мы бачым, што нават Сахашчык, які заўсёды заяўляў, што апазіцыя — супраць грамадзянскай вайны і прапаноўваў мірнае рашэнне, цяпер заяўляе, што прыйшоў час для новых дыверсій. У адзін дзень рыторыка змянілася на 180 градусаў», — падкрэслівае аналітык.

Аналітык адзначае два пераломныя моманты ў эвалюцыі стаўлення дэмакратычнай апазіцыі да Расіі. Першы адбыўся ў сярэдзіне 2021 года, калі стала зразумела, што Масква не нейтральная. У той час сталі гучаць заявы аб неабходнасці выхаду з Саюзнай дзяржавы і АДКБ. З пачаткам вайны адбыўся канчатковы пералом у стаўленні да Расіі.

«Пасля канферэнцыі ў Вільні ў жніўні 2022 года, апазіцыя спрабуе выбудаваць больш-менш канцэптуальную пазіцыю: «Калі не з Расіяй, то як?» Пры гэтым яны не гавораць пра Еўрасаюз.

Адказ на пытанне ў тым, ці хоча дэмакратычная апазіцыя змагацца за большасць беларусаў, весці іх за сабой. Гэта палітычны выбар. Для беларусаў, якія цяпер жывуць у Беларусі, нейтральны варыянт перамагае ва ўсіх апытаннях.

Мэтанакіравана заявіць аб еўрапейскім выбары, калі большасць беларусаў гэта не падтрымлівае, — цяжкі палітычны выбар для чалавека, які прэтэндуе быць абраным прэзідэнтам Беларусі. Магчыма, яны будуць працягваць выказваць праеўрапейскія, але без татальнага разрыву з Расіяй рэчы», — заўважае Шрайбман.

Чытайце таксама:

У НАТА асудзілі безадказную ядзерную рыторыку Пуціна

Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, зрабілі з Беларусі цэль для ўдару — Ціханоўская

Nashaniva.com