Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў
Паводле крыніц «Нашай Нівы», сёння сілавікі зрабілі маштабную аблаву ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
29.03.2023 / 22:03
Затрыманыя прынамсі 8 чалавек. Па інфармацыі праваабаронцаў, сярод іх былая дырэктарка запаведніка Тамара Джумантаева, наваполацкія фатографы Кірыл Смалякоў і Ігар Супранёнак, кандыдат філасофскіх навук, супрацоўнік Музея кнігадрукавання ў Полацку Ігар Бортнік.
Прынамсі, у некаторых затрыманых забралі камп'ютарную тэхніку, ім закідаецца нібыта распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі, каментары, лайкі і г.д.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі праследаваць таксама за антываенныя выказванні або за сімпатыі да Украіны, якая змагаецца за сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. За гэты час у краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.
Чытайце таксама:
Міністр культуры прызнаў дэфіцыт кадраў у беларускай культуры. З гэтай нагоды сабралі цэлую нараду