Лябедзька: Я ніколі так не хацеў апынуцца на Акрэсціна, як гэтай ноччу
Палітык пракаментаваў у фэйсбуку затрыманне ягонага сына Арцёма, якое адбылося ўчора.
29.03.2023 / 11:24
Анатоль Лябедзька. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Лябедзька прыгадаў, што ноч з 28 на 29 сакавіка 2012 года ён правёў у ІЧУ Оршы, куды яго даставілі ноччу пасля штурму вагона цягніка…
«У аршанскім судзе лжыва сведчылі тры міліцыянты. Першым двум суддзя задавала пытанне: «А якія лаянкі ўжывалі пры затрыманні Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў. Вы іх не кажыце, толькі першую літару назавіце».
Першы лжэсведка, не чырванеючы, паведаміў, што яны ўжывалі слова на літару Х, другі да Х дадаў яшчэ і П. Трэцяму, маёру Грулю, перадалі, што пытаецца суддзя. І як толькі яна сказала першую палову пытання, ён тут жа выпаліў: «Яны ўсе трое крычалі, даколі будзе гэтае мянтоўскае бязмежжа, б***».
Ну, вы не лайцеся, збянтэжана папрасіла суддзя міліцыянта».
«Прайшло 11 гадоў. Ён даслужыўся да генерала. Бязмежжа стала кар'ернай лесвіцай. Бязмежжа стала нормай, штодзённасцю. Бязмежжа накрыла краіну саванам», — напісаў Лябедзька.
Па яго словах, 2022 год быў адзіным за апошнія гадоў 25, калі ў міліцэйскіх пратаколах, у судовых пастановах не фігуравала прозвішча Лябедзькі (у самыя ўраджайныя гады колькасць судовых працэсаў даходзіла да 17 на год).
«На жаль, у 2023 усё вярнулася на кругі свае, толькі ўсё значна вастрэй і больш балюча. Я яшчэ ніколі так не хацеў апынуцца ў малпоўні Кастрычніцкага РУУС, на Акрэсціна, як гэтай ноччу…» — з сумам канстатаваў Анатоль Лябедзька.
Чытайце таксама: