Дзмітрый Семчанка. Тры крокі да дзвярэй. Верш
Жонка асуджанага на тры гады зняволення экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула АНТ Дзмітрыя Семчанкі падзялілася яго вершам.
28.03.2023 / 13:03
Дзмітрый Семчанка ў судзе. Фота: БелТА
Тры крокі
Тры крокі да дзвярэй — такі шпацыр,
Ну а далей да шконкі толькі бокам.
А колькі да вачэй тваіх ісці?
А колькі гэта будзе маіх крокаў?
Не ведаю, але раблю заўжды
Тры крокі, потым зноў тры крокі,
І мой упарты рух туды-сюды
Не спыніцца, пакуль трымаюць ногі.
Забараняюць легчы — не бяда,
Калі даюць зрабіць тры крокі.
Тут моляцца амаль усім Багам
Алаху, Крышне, Езусу і Локі.
Я веру ў тое, што іду туды,
Дзе нашы ўрэшце сыдуцца дарогі.
Двух лёсаў, цесна сплеценых шляхі
Яшчэ бліжэй, праз кожныя тры крокі.
Падтрымайце яго грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Дзмiтрый Віктаравіч Семчанка.
Былому кіраўніку лукашэнкаўскага пулу Дзмітрыю Семчанку далі тры гады калоніі