Беларуса, які падазраецца ў рабаванні, затрымалі ў Польшчы праз тры гады
Супрацоўнікі варшаўскай паліцыі арыштавалі грамадзяніна Беларусі. Ён падазраецца ў рабаванні з ужываннем халоднай зброі, здзейсненым яшчэ ў сакавіку 2020 года. Іншых падазраваных у гэтай справе злавілі амаль адразу, паведаміла прэс-служба паліцэйскай камендатуры Praga Południe.
27.03.2023 / 17:40
26-гадовы беларус хаваўся на працягу трох гадоў: выязджаў за мяжу, неаднаразова мяняў дакументы, выкарыстоўваў розныя персанальныя звесткі.
Арыштавалі мужчыну ў канцы сакавіка 2023 года, калі ён прыехаў у Польшчу. У яго былі пры сабе падробленыя ўкраінскія правы кіроўцы. Аказалася, што яго таксама шукалі паліцыянты з іншага польскага падраздзялення, а таксама нямецкая паліцыя.
У сакавіку 2020 года трое мужчын удзельнічала ў рабаванні з ужываннем халоднай зброі. Усяго нападнікаў было трое: дваіх падазраваных затрымалі практычна адразу, а беларуса шукалі амаль тры гады.