У Венецыі шукаюць «ідыёта», які скочыў з трохпавярховіка проста ў канал

У Венецыі мужчына наўмысна саскочыў з трохпавярховага будынка наўпрост у адзін з каналаў горада. Цяпер відэа з яго ўчынкам стала вірусным, а самога хлопца шукае паліцыя. 

27.03.2023 / 08:38

Фота: LuigiBrugnaro, Twitter

Мясцовыя ўлады Венецыі актыўна шукаюць мужчыну, які вырашыў на камеру саскочыць з даху аднаго з будынкаў у канал горада. Пра гэта 25 сакавіка паведаміла агенцтва CNN са спасылкай на сацсеткі мэра Венецыі.

Мэр Венецыі Луіджы Бругнара ў сваім твітары назваў хлопца «ідыётам» і напісаў, што выдаў бы яму «пасведчанне аб дурасці і даў бы пару разоў пад зад». Паводле яго слоў, да будынка была накіравана паліцыя, каб высветліць, як мужчына змог пракрасціся ў прыватны жылы комплекс і трапіць на дах.

A questo “soggetto” bisognerebbe dargli un certificato di STUPIDITÀ e un bel sacco di pedate … stiamo cercando di identificarlo, per denunciarlo, Lui e il suo compare sotto che faceva il video cretino per i social .. pic.twitter.com/lrzaIzy516

— Luigi Brugnaro (@LuigiBrugnaro) March 24, 2023

Бругнара таксама заклікаў усіх, хто бачыў відэа, дапамагчы ідэнтыфікаваць гэтага чалавека. Ён пры гэтым дадаў, што арыштаваць плануецца не толькі скакуна, але і таго, хто здымаў яго скачок на камеру. 

«Мы спрабуем ідэнтыфікаваць мужчыну і яго прыяцеля, які зрабіў дурное відэа для сацыяльных сетак дзеля лайкаў. Адзін рызыкаваў сваім жыццём у гэтым скачку, але другі таксама правапарушальнік. Яны не разумеюць, якую небяспеку ствараюць у гэтым горадзе? Што, калі б унізе праплывала лодка?» — абурыўся мэр Венецыі.

У Венецыі досыць строга ставяцца да купання ў гарадскіх каналах. Летась за гэта там было арыштавана больш за 40 турыстаў (некаторыя з іх плавалі аголеныя). А аднаго мужчыну, напрыклад, арыштавалі за сёрфінг у Гранд-канале, піша CNN.

Штраф за плаванне ў каналах звычайна складае 500 еўра (каля 1550 рублёў).

Цікава адзначыць, што самі каналы ў Венецыі аднойчы амаль цалкам перасохлі, пра што мы ўжо пісалі раней.

Чытайце таксама:

Як уратаваць будынкі ў Венецыі? Адна кампанія сцвярджае, што знайшла спосаб

Упершыню ў горада Беларусі зʼявілася свая парфума

Па Сеуле тры гадзіны гуляла зебра. Жывёла збегла з мясцовага заапарка, але яе ўдалося вярнуць

Nashaniva.com