Украінскае МЗС заклікала беларусаў не дапусціць размяшчэння расійскай ядзернай зброі
Афіцыйная пазіцыя МЗС Украіны з нагоды заявы Пуціна адносна намераў збудаваць сховішча для расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, выкладзена на сайце ведамства.
26.03.2023 / 16:31
«Апошнія заявы РФ адносна намераў размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю з'яўляюцца чарговым правакацыйным крокам злачыннага пуцінскага рэжыму, які падрывае прынцыпы Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, архітэктуру ядзернага раззбраення і сістэму міжнароднай бяспекі ў цэлым», — гаворыцца ў заяве.
У звароце акцэнтуецца, што дзеянні Крамля не могуць не выклікаць занепакоенасць, бо ўжо больш за год працягваецца вайна і пакуль Расія дэманструе сваю няздольнасць перамагаць на полі бою.
«Украіна звяртаецца да беларускага грамадства з заклікам не дапусціць рэалізацыі злачынных намераў па размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі насуперак яе абавязацельствам па Дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, што яшчэ больш ператворыць гэтую краіну ў закладніка Крамля і будзе мець катастрафічныя наступствы для яе будучыні.
Звяртаемся да дзяржаў «Групы сямі» і Еўрапейскага саюза папярэдзіць беларускія ўлады аб далёкіх наступствах для Беларусі ў выпадку яе згоды размясціць на сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю Расіі», — прыводзіцца ў заяве.
Украіна чакае эфектыўных дзеянняў па супрацьдзеянні ядзернаму грузу Крамля з боку Вялікабрытаніі, Кітая, ЗША і Францыі, у тым ліку і як пастаянных членаў Рады Бяспекі ААН, якія нясуць асаблівую адказнасць за недапушчэнне пагроз агрэсіі з выкарыстаннем ядзернай зброі. У заяве гаворыцца пра патрэбу неадкладна склікаць з гэтай мэтай пазачарговае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН.
Чытайце таксама:
Расія па просьбе Лукашэнкі размесціць у Беларусі ядзерную зброю
Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, зрабілі з Беларусі цэль для ўдару — Ціханоўская