«Рашэнне было абсалютна імпульсіўным». Лявон Вольскі расказаў, як разбіў на канцэрце гітару

Учорашні канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні скончыўся нечакана — падчас «Трох чарапах» музыка разбіў аб сцэну сваю гітару. Выглядала, што ўчынак шакаваў нават некаторых яго калег па цэху.

25.03.2023 / 23:44

Лявон Вольскі на канцэрце да Дня Волі ў Вільні. Фота: «Будзьма»

Музыка з гуртом Volski выступаў з трохгадзінным канцэртам да Дня Волі ў клубе Loftas. У каментары для «Нашай Нівы» Лявон Вольскі адзначыў, што ім «было істотна сыграць гэты канцэрт менавіта ў Вільні». Да яго задоўга рыхтаваліся.

«З Вільняй звязаныя і праект VOLSKI, і «Крамбамбуля», ды наогул, прэзентацыя забароненага альбома «Драбадзі-Драбада» адбылася ў Вільні ў 2012 годзе, а праект VOLSKI уласна ў Вільні і прэзентаваў альбомам «Грамадазнаўства», таму адзначыць 105-ю гадавіну БНР тут было важна, што атрымалася, лічу, вельмі паспяхова. Не без дробных хібаў, але заўсёды, канешне, ёсць, што палепшыць», — сказаў музыка.

На пытанне, ці спадабаўся ён самаму сабе, адказаў:

«Да канца я сабе ніколі не падабаюся і лічу, што заўсёды можна вось тое і тое зрабіць лепей, да чаго і імкнуся».

«Наконт разбітай гітары падчас выканання песні «Тры чарапахі», — дадаў музыка. — То гітара была самая звычайная, а рашэнне яе разбіць — абсалютна імпульсіўным».

Лявон Вольскі з Алесем-Францішкам Мышкевічам на канцэрце да Дня Волі. Фота: «Будзьма»

Учынак Вольскага, здаецца, здзівіў нават джазмена Паўла Аракеляна, які на канцэрце быў запрошаным госцем. 

Сёння Вольскі са сваёй камандай выправіўся ў Гданьск, дзе падменіць Маргарыту Ляўчук, бо яна часова не можа спяваць. Дарогаю ў машыне музыкі скончылася паліва, але гісторыя скончылася хэпі-эндам.

«Ехалі мы, ехалі і знянацку на аўтабане пад Сувалкамі заглухлі. Паліва было няшмат (акурат хацелі запраўляцца), але камп'ютар паказваў, што хапае на 100 км. І вось стаім мы такія на ўзбочыне, побач праносяцца страшныя фуры…» — напісаў Вольскі ў фэйсбуку.

Чакаючы выратавальны эвакуатар, каманда ўзнялася на пагорак і стала святкаваць Дзень Волі, спяваючы патрыятычныя хіты.

«На гэтыя пазітыўныя гукі прыехаў эвакуатар, завёз нас на запраўку, мы залілі поўны бак, завяліся і паехалі. Вось што Дзень Волі жыватворны робіць!» — супакойвае Лявон Вольскі.

Чытайце таксама:

Лявон Вольскі пра тое, чаму ў «чорныя спісы» музыкаў трапілі нават тыя, хто маўчаў

Лявон Вольскі: Калі будзе новая ўлада — я першы буду ў апазіцыі

Лявон Вольскі напісаў кавер на вядомую песню Піта Сігера «Where Have All The Flowers Gone»

Nashaniva.com