Гаспадар у беларускім футболе новы, а вынікі старыя. Беларусь — Швейцарыя — 0:5
Зборная Беларусі правяла першы матч кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату Еўропы па футболе.
25.03.2023 / 22:35
Ніякага супраціву каманда пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева швейцарскім футбалістам не аказала, увесь час гульня ішла ў адну браму.
Швейцарцы адкрылі лік на 4-й хвіліне, на 17-й падвоілі перавагу, на 25-й — патроілі. Усе тры галы ў першым тайме, дарэчы, забіў Рэната Штэфен з клуба «Лугана». Дагэтуль ён забіў за зборную ўсяго адзін гол, а тут адразу тры, ды ўсяго за 21 хвіліну. Гэта новы рэкорд швейцарскай зборнай па хуткасці афармлення хет-трыку.
Апошнія два галы ў беларускую браму ўляцелі ўжо другім тайме. На 62-й хвіліне Граніт Джака забіў чацвёрты гол, а на 65-й Зэкі Амдуні паставіў, як аказалася, кропку.
5:0 на карысць Швейцарыі!
Акурат некалькі дзён таму памянялася кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола. На месца адстаўнога палкоўніка Уладзіміра Базанава прыйшоў былы віцебскі вертыкальшчык Мікалай Шарснёў. Цяпер ужо ў яго будзе балець галава, што з гэтым усім рабіць. Праўда, ужо 4 красавіка УЕФА намерваецца разгледзець пытанне аб тым, ці пакідаць увогуле Беларусь у міжнародным футболе. Таму праблема можа шчасліва вырашыцца сама сабой.
Чытайце таксама:
Шарснёў узначаліў Беларускую федэрацыю футбола
Былы кіраўнік Віцебшчыны пра вылучэнне ў старшыні АБФФ: Ніжэй за дно не апусцішся
УЕФА разгледзіць пытанне выключэння беларускага футбола з міжнародных спаборніцтваў