Мінабароны Вялікабрытаніі: Расійскія войскі вяртаюцца да абароны пасля няўдалага наступу на Бахмут

Наступ Расіі ў раёне Бахмута спыніўся, што можа сведчыць аб крайняй ступені знясілення расійскіх войскаў, гаворыцца ў штодзённай зводцы Мінабароны Вялікабрытаніі. Ведамства адзначае, што ўкраінскія вайскоўцы таксама панеслі цяжкія страты падчас абароны горада.

25.03.2023 / 13:21

Эксперты лічаць, што цяпер камандаванне РФ, верагодна, засяродзіла свае намаганні на Аўдзееўцы (горад на поўдні ад Бахмута), а таксама на лініі Сватава-Крамянная, дзе імкнецца стабілізаваць лінію фронту. Гэта, у сваю чаргу, можа сведчыць аб агульным вяртанні Расіі да абарончай аператыўнай схемы пасля непераканаўчых вынікаў агульнага наступу, заключаюць аўтары.

Асобна ў зводцы падкрэсліваецца, што сітуацыю для Расіі пагоршыла напружанасць паміж Мінабароны РФ і «ПВК Вагнер».

Напярэдадні галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны заявіў, што на кірунку Бахмута сітуацыя застаецца найбольш складанай, але «абстаноўку ўдаецца стабілізаваць» дзякуючы «тытанічным намаганням» украінскіх вайскоўцаў.

Сырскі: Абарона Бахмута працягваецца, ідуць інтэнсіўныя баі

Nashaniva.com