«Праектам рух транспарту ў зімовы і паводкавы перыяды не прадугледжваўся». Пад Чэрыкавам важная дарога ператварылася ў кашу

Першапачатковы праект адзінай дарогі, якая звязвае Чэрыкаў з вёскамі за ракой Сож, наогул не прадугледжваў вясновай паводкі, зімы і буйных машын. Пасля планы памяняліся, а праект — не, піша «Магілёў.Media».

22.03.2023 / 17:14

Фота: «Веснік Чэрыкаўшчыны»

Распачаты яшчэ ў мінулым годзе рамонт моста праз Сож у Чэрыкаўскім раёне абрастае новымі праблемамі. Першапачаткова праект будаўніцтва прадугледжваў, што ўсю зіму жыхары горада і раёна будуць і без моста, і без пантоннай пераправы. Пры гэтым дзяцей з вёскі Гронаў на левым беразе Сожа планавалася вазіць на вучобу праз радыеактыўна забруджаную зону ў вёску Майскае за 25 кіламетраў.

У лістападзе мінулага года было ўсё ж вырашана пабудаваць пантонную пераправу яшчэ да зімы. Але, як высветлілася, «першапачаткова праектам рух транспарту па гэтым аб’екце ў зімовы і паводкавы перыяды не прадугледжваўся», пра што паведаміў раённай газеце «Веснік Чэрыкаўшчыны» начальнік будаўнічага трэста №3 Крычава Дзяніс Шатуха. І, як вынікае, гэты праект не быў зменены пасля таго, як было прынята рашэнне будаваць пантонны мост усё ж да зімы.

У выніку частка дарогі да пантона — гравійка, якая ў час веснавога бездарожжа перыядычна ператвараецца ў кашу. 

Таксама першапачаткова планавалася, што па дарозе будзе хадзіць толькі легкавы аўтамабільны транспарт. Зыходзячы з гэтага, была запраектавана пэўная канструкцыя дарожнага «адзення», кажа Дзяніс Шатуха. Цяпер жа дарога натуральным чынам не вытрымлівае той нагрузкі, якая на яе прыпадае.

Чаму будаўнічай арганізацыяй быў рэалізаваны праект, які не ўлічваў змен у рэжыме эксплуатацыі пантоннай пераправы, чыноўнік не патлумачыў.

У якасці кампенсацыйнай меры на тым участку дарогі, які не мае цвёрдага пакрыцця, цяпер кожны дзень працуе грэйдар. Часткова гэта дапамагае вырашыць праблему, часткова — не, аўтатранспарт пастаянна рызыкуе загрузнуць у каляіне. На гэта начальнік трэста заўважае: «Прыйдзецца трохі пацярпець».

Зрабіць больш трывалую дарогу будаўнікі змогуць толькі пасля поўнага падсыхання праблемнага ўчастка.

Чытайце таксама:

У Мінску дзве дзяўчынкі ўгрузлі па пояс у гразь

На рэканструкцыю закрываюць мост у Чэрыкаве

Жыхары Кукшавіч высмеялі прадпрымальніка, які напісаў зварот Лукашэнку пра дарогу. Прадпрымальнік: «Землякі зайздросныя»

«Тут проста страшна». Жыхар вёскі пад Мінскам у звароце да Лукашэнкі распавёў, што ўся вёска за яго галасавала, хоць яны і патанаюць у гразі

Nashaniva.com