Расія здымае з захоўвання танкі Т-54 сталінскіх часоў і адпраўляе ва Украіну

З базы на Далёкім Усходзе вывозяць савецкія танкі Т-54 і Т-55. Пра гэта паведамляюць аналітыкі з Conflict Intelligence Team (CIT), у распараджэнні якіх аказаліся фатаграфіі эшалона, які перавозіць вайсковую тэхніку.

22.03.2023 / 15:23

Паводле інфармацыі CIT, эшалон з тэхнікай нядаўна адправіўся з горада Арсеньеў Прыморскага краю, дзе знаходзіцца 1295-я Цэнтральная база рэзерву і захоўвання танкаў. На фотаздымках аналітыкі апазналі савецкія сярэднія танкі сямейства Т-54/55. У адным эшалоне знаходзіліся і танкі Т-54, і танкі, якія могуць быць больш познімі Т-54 або Т-55.

Новость, которая порадует любителей клеить танчики: в распоряжении нашей команды оказались фотографии эшелона, везущего танки Т-54 середины XX века из Приморского края на запад. Мы видим в этом признак дефицита бронетехники в ВС РФhttps://t.co/OkzpLK1b1y pic.twitter.com/9ffr8p0oCY

— CIT (@CITeam_ru) March 22, 2023

Раней CIT ужо паведамляла аб адпраўцы вайсковай тэхнікі з гэтай базы — з яе адпраўлялі танкі Т-62М (У), затым іх выкарыстоўвалі на вайне ва Украіне. Аналітыкі адзначаюць, што зняцце з захоўвання Т-54/55 зафіксавана імі ўпершыню.

Па спадарожнікавых здымках CIT устанавіла, што ў перыяд з чэрвеня па лістапад 2022 года базу ў Арсеньеве пакінуў як мінімум 191 танк — верагодна, у асноўным Т-62. У рэальнасці іх колькасць можа быць значна большай, адзначаецца ў публікацыі.

CIT таксама адзначае недахопы танкаў Т-54 і Т-55: адсутнасць дальнамераў, балістычных вылічальнікаў, сістэм кіравання агнём, прымітыўныя прыцэлы і непаўнавартасныя стабілізацыйныя прылады (у Т-54).

«Нам цяжка назваць магчымыя сферы выкарыстання гэтых танкаў, але ў любым выпадку разам са здыманнем з захоўвання БТР-50 і ўстаноўкай на [бронетранспарцёры] МТ-ЛБ карабельных зенітак гэта адназначна сведчыць аб сур'ёзных праблемах з забеспячэннем УС РФ бранятэхнікай», — лічаць аналітыкі.

Nashaniva.com