Брытанскі суд адхіліў пазоў Synesis аб зняцці санкцый
Гэта першы такі пазоў, пададзены ў адпаведнасці з Палажэннем аб судовым пераглядзе санкцыйных рашэнняў, піша Dev.by.
22.03.2023 / 13:17
Суддзя Высокага суда Лондана Роберт Джэй адхіліў пазоў кампаніі Synesis аб скасаванні пастановы брытанскага МЗС аб санкцыях.
Як адзначаецца ў судовым рашэнні, гэта першая справа ў адпаведнасці з Палажэннем аб судовым пераглядзе брытанскага Закона аб санкцыях і барацьбе з адмываннем грошай 2018 года.
Вялікабрытанія далучылася да трэцяга пакета санкцый ЕС супраць беларускіх чыноўнікаў і кампаній 18 снежня 2020 года. У яго трапілі 29 чалавек і 7 юрыдычных асоб, у тым ліку ТАА «Сінэзіс» як распрацоўшчык сістэмы распазнавання твараў Kipod.
Паводле версіі Рады ЕС, Synesis забяспечыла беларускія ўлады платформай назірання, якая здольная аналізаваць відэа з ужываннем тэхналогіі распазнавання твараў. Гэта робіць кампанію адказнай за рэпрэсіі беларускага дзяржаўнага апарату ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі».
Будучы нязгоднай з высновамі Рады ЕС, Synesis абскардзіла санкцыі ў судзе ЕС, аднак рашэння па справе яшчэ няма.
24 лютага 2022 года Synesis трапіла пад санкцыі ЗША.