З сямʼі вернікаў, якая збіралася эміграваць у Нямеччыну. Што вядома пра салдата-памежніка, якога знайшлі мёртвым на мяжы

Цела салдата тэрміновай службы знайшлі днём 20 сакавіка ў аддзяленні памежнага кантролю «Высока-Літоўск», якое знаходзіцца ў вёсцы Абяроўшчына Камянецкага раёна. Дзяржпагранкамітэт паведаміў, што 19-гадовы салдат здзейсніў суіцыд. Як стала вядома «Люстэрку» ад блізкіх сямʼі памерлага, маладога чалавека звалі Роберт Цімафееў і ў войску ён служыў кухарам.

22.03.2023 / 10:51

Роберт Цімафееў. Фота: «Укантакце»

Сваякі сямʼі, з якімі звязалася «Люстэрка», пацвердзілі, што ў заяве Дзяржпамежкамітэта сапраўды гаворка ідзе пра Роберта Цімафеева, аднак іншых дэталяў не распавялі.

У версію пра суіцыд родныя не вераць.

Распавесці аб маладым чалавеку пагадзіўся яго знаёмы, які добра ведае сямʼю салдата. Паводле яго слоў, у маладога чалавека — пяць братоў і сясцёр і да войска ён разам з імі жыў у Мінску.

— Гэта цудоўная і вельмі дружная сямʼя! Яны веруючыя людзі, вельмі шмат займаюцца хрысціянскім служэннем. Дапамагаюць іншым, — кажа чытач. — Раней у бацькоў было прозвішча Цімафеевы, але яны вырашылі перайсці на сваё нямецкае Крэйбрынг, бо зʼяўляюцца этнічнымі немцамі. Ці змяніў прозвішча Роберт, не ведаю.

Яны збіраліся эміграваць у Нямеччыну, дзе жывуць іхнія сваякі, але не паспелі падрыхтаваць усе дакументы і выехаць з краіны. А потым яго прызвалі ў кастрычніку мінулага года. Бацькі вырашылі застацца, пакуль сын у войску.

Да службы ў пагранічных войсках Роберт вучыўся на кухара, расказвае знаёмы хлопца.

— Роберту далі магчымасць зʼездзіць у Мінск і наведаць бацькоў. Як я разумею, гэта была іх апошняя сустрэча, — кажа суразмовец. — Што адбылося з Робертам?

Баюся, пра гэта мы можам ніколі не даведацца. Камандаванне часці, напэўна, будзе ўсё адмаўляць і выстаўляць смерць Роберта як суіцыд (нават калі гэта не так), каб зняць з сябе ўсю адказнасць. Але ўсім нам вельмі не зразумела: як ён апынуўся на нейкім там КПП? Бо яго месца ў гарачым цэху салдацкай сталовай. А тут, я так разумею, ён знаходзіўся з табельнай зброяй.

Nashaniva.com