«Самарадыкалізаваныя» — як грыбы, паўсюль павырасталі». Новае слова з оруэлаўскага навамоўя
На тое, што ў оруэлаўскім навамоўі лукашэнкаўскіх сілавікоў з'явілася новае слова, звярнуў увагу журналіст Віталь Цыганкоў.
21.03.2023 / 18:31
Затрыманне «самарадыкалізаванага». Фота ілюстрацыйнае
«Садзейнічанне ўкраінцу, які арганізаваў тэракт у Мачулішчах, аказвалі нашыя беглыя і самарадыкалізаваныя грамадзяне, заявіў у эфіры тэлеканала СТБ намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, паведамляе БелТА», — цытуе афіцыйную крыніцу Цыганкоў.
І далей каментуе атрыманую каштоўную інфармацыю:
«Я так разумею, што яны гэты тэрмін прымяняюць да тых грамадзян, радыкалізацыю якіх не могуць патлумачыць. У апазыцыйныя партыі не ўваходзілі, беларускія вершы не пісалі, на замежныя стажыроўкі не ездзілі. І раптам «самарадыкалізаваліся». І такіх дзясяткі тысяч».
Пра такую колькасць кажа сам Казакевіч:
«У 2020 годзе ўся краіна сутыкнулася з тым, што гэта быў прыступ, прычым экстрэмізму такога глабальнага ў маштабах усёй краіны. Гэта былі не дзясяткі, не сотні і нават не тысячы людзей».
«Раней лёгка было ім працаваць: маеш спісы актывістаў — па іх і хадзі. А цяпер гэтыя «самарадыкалізаваныя — як грыбы, паўсюль павырасталі. Прыходзіцца масавыя зачысткі рабіць, не разбіраючы, ад вёсак да заводаў», — іранізуе журналіст.
Чытайце таксама:
Віталь Цыганкоў: Мая ўнутраная Элачка-людаедачка і мемы ў месенджарах