У Гродне ёсць таксі для жывёл «Вожык». Як гэта працуе

Таксі для жывёл «Вожык» стварыла ў Гродне ў 2022 годзе Святлана Вялесік. У дзень у яе 3−4 заказы і яна ўжо плануе купіць другі аўтамабіль, піша «Вячэрні Гродна».

21.03.2023 / 11:08

Святлана Вялесік — уладальніца заатаксі «Вожык». 

Як прыйшла ідэя такога бізнэсу

Святлана працуе адміністратаркай у ветэрынарнай клініцы. «Аднойчы назірала такую сітуацыю. Прывезла да нас бабуля свайго ката, а з’ехаць не можа — таксісты не хочуць везці. Стаіць, плача, і дапамагчы ёй ніяк нельга», — сказала Святлана.

Пасля гэтага выпадку Святлана з мужам Яўгенам вырашылі адкрыць таксі для перавозкі жывёл. Яны ўзялі крэдыт і набылі ўжываны Citroën з вялікім багажнікам. Спачатку жывёл вазіў Яўген, цяпер за стырном ездзіць Святлана.

Хто карыстаецца паслугай заатаксі

Паслугамі таксі ў асноўным карыстаюцца ўладальнікі сабак і катоў. «Кліент прызначае час, да якога патрэбна прыехаць. Часцей за ўсё просяць адвесці ў ветэрынарную клініку, час ад часу — на выставу, да грумера альбо за горад». Таксама могуць звярнуцца, калі жывёле тэрмінова патрэбная дапамога.

З жывёламі Святлана працуе з 2006 года. Але аказваць ветэрынарную дапамогу жанчына не мае права. Нягледзячы на гэта, у яе ёсць двайная колькасць медыкаментаў для экстранных выпадкаў.

Заатаксі можа выехаць у любую кропку Беларусі

Пастаянных кліентаў ужо каля 50 чалавек. Заатаксі працуе кругласутачна. Паводле словаў Святланы, у дзень бывае 3−4 заказы, час ад часу — шэсць. Выезд можа быць у любую кропку Беларусі.

Цана за паездку ад вуліцы Карскага (там знаходзіцца гарадская ветэрынарная станцыя) да вуліцы Сацыялістычнай — 5 рублёў. У святы альбо кепскае надвор’е жанчына тарыфы не павышае, цана можа быць вышэйшай ноччу.

Мара — запусціць праграму, падобную на «ЯндэксТаксі»

Бізнэс не прыносіць вялікага прыбытку, але ў планах Святланы набыць другі аўтамабіль, каб паспяваць выконваць усе замовы. Але пакуль жанчына не можа адшукаць кіроўцу, які б падышоў.

Жанчына марыць запусціць сваю ўласную праграму, падобную на «ЯндэксТаксі».

У Лідзе зрабілі пратэз бяздомнаму сабаку, які калісьці застаўся без задняй лапы

Кошцы, якая страціла лапку, упершыню паставілі пратэз беларускай вытворчасці

Nashaniva.com