Пасхалка для беларусаў: у серыяле «Экстрапаляцыі» паказалі пратэсты будучыні пад бчб-сцягам і са словамі Каліноўскага

Згадка пра Беларусь прагучала ў новым серыяле «Экстрапаляцыі» (Extrapolations), створаным Скотам Бёрнсам для Apple TV+. У пачатку першай серыі паказаны кліматычныя пратэсты пад беларускім бел-чырвона-белым сцягам, заўважыў reform.by.

19.03.2023 / 14:49

Кадр з серыяла «Экстрапаляцыі» (Extrapolations)

Прэмʼера фільма адбылася 17 сакавіка 2023 года.

Першая серыя пачынаецца з аповеду пра глабальнае пацяпленне, якое прывяло да істотнай змены клімату ў 2037 годзе. Вядучы навін расказвае пра саміт па пытаннях клімату ў Тэль-Авіве. Каментарый вядучага суправаджаецца кадрамі экалагічнай катастрофы на Зямлі, спроб мігрантаў патрапіць у бяспечныя краіны і пратэстаў.

Гераіня фільма выступае праз галаграму на адным з мітынгаў, які транслюе ўкраінскае тэлебачанне. Відаць натоўп людзей, украінскія сцягі, аднак буйным планам на экране вялікі бел-чырвона-белы сцяг з гербам «Пагоня».

Адзін з дэманстрантаў трымае плакат са словамі Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа».

Nashaniva.com