Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» не выйшаў на волю пасля 72 гадзін арышту
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч чацвёртыя суткі знаходзіцца ў маладзечанскім ізалятары часовага ўтрымання.
19.03.2023 / 11:47
Ён не выйшаў на волю пасля 72 гадзін з моманту затрымання. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная дачка Наста Манцэвіч.
«Што канкрэтна яму прад’яўляюць, невядома. Перадачу сёння ўзялі», — напісала яна.
Раніцай 15 сакавіка адбыўся вобшук у доме Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы. Пазней стала вядома, што мужчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
15 сакавіка таксама прайшоў ператрус у рэдакцыі слуцкага выдання «Інфа-Кур’ер». Затрымалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама Глеба Рулёва і Алега Рубчэню. 17 сакавіка Сяргея Станкевіча і Алега Рубчэню асудзілі на 15 дзён арышту кожнага за нібыта непадпарадкаванне пры затрыманні.