Расія апавясціла Украіну праз Беларусь аб прадаўжэнні збожжавай угоды

Марыя Захарава суправадзіла інфармацыю пра гэта нараканнем на недасканаласць сучаснага свету.

19.03.2023 / 00:44

Украінскі бок праз Беларусь быў апавешчаны аб працягу «збожжавай угоды» на 60 дзён, заявіла ў суботу афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава.

«У свеце, дзе мужчыны абвяшчаюцца жанчынамі, а малдаўская мова — румынскай, можна, вядома, і дакументы не здолець прачытаць. Але ўсё ж украінскі бок праз беларускіх калег быў апавешчаны аб 60 днях, як і турэцкі, а таксама Генеральны сакратар ААН», — напісала Захарава ў сваім тэлеграм-канале.

Раней у Турцыі абвясцілі, што ўгода прадоўжаная на 120 дзён, але Масква настойвае, што пагадзілася толькі на 60 дзён. Нюанс сітуацыі ў тым, што пасля вызвалення Украінай вострава Змяіны Расія больш не кантралюе заходнюю частку Чорнага мора, а значыць, і не можа перашкодзіць руху канвояў з Адэсы.

Кіеў патрабуе распаўсюджання ўгоды на парты Мікалаеўскай вобласці, Масква не пагаджаецца. Аднак такая магчымасць з'явіцца аўтаматычна ў выпадку вызвалення Кінбурнскай пярэспы.

Nashaniva.com