Затрыманні ў Докшыцах і Глыбокім — што вядома
У ізалятар адпраўляюць за аватаркі ў сацсетках.
17.03.2023 / 23:58
Затрыманне Аляксандра Шарабайкі. Скрыншот відэа «Беларусь 1»
Пра сітуацыю ў рэгіёне піша ў фэйсбуку краязнавец Кастусь Шыталь.
У Докшыцах затрымалі Таццяну Дорц і Вераніку Судніковіч. На Таццяну склалі пратакол па 24.23 за малюнкі ў сацсетках, яна ў ІЧУ да суда ў панядзелак. Што з Веранікай, пакуль невядома.
У Глыбокім сілавікі прыходзілі як мінімум да шасці чалавек. Ёсць сведчанні, піша Шыталь, што ізалятар перапоўнены, частку вязняў вывезлі ў іншыя гарады. Большая частка ідзе па адміністрацыйных справах за рэпосты, фота і аватаркі ў сацсетках.
Жанчын, у якіх непаўналетнія дзеці, адпускаюць пасля складання пратаколаў, копіі пратаколаў даваць адмаўляюцца. Адна глыбачанка атрымала 20 базавых за фота ў інстаграме — яе звольнілі з працы. На іншую склалі пратакол за аватарку ва «УКантакце», суд яшчэ будзе. На Аляксандра Шарабайку заведзена крымінальная справа.
Таксама вядомыя факты выкліку ў КДБ за данаты праз фэйсбук. Сілавікі паказалі відэа з Яраславам Пачопкам з Глыбокага, які кажа, што нібыта прыйшоў з пакаяннем за тое, што восенню 2020 года заданаціў у фонд «Байсол».
«Як расказваюць знаёмыя з сітуацыяй з аднаго з гарадоў Віцебскай вобласці, людзям настойліва прапануюць напісаць яўку з пакаяннем за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», пералічыць кудысьці грошы (у адным з выпадкаў гэта быў рахунак дзіцячага дома), а потым Следчы камітэт выносіць пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы», — дзеліцца Кастусь Шыталь.
Чытайце таксама:
Адзін толькі ГУБАЗіК штодня праводзіць да 20 вобшукаў у беларусаў