Сярод затрыманых у Польшчы шпіёнаў няма расіян
Завербаваныя расійскай вайсковай разведкай, яны сачылі за польскімі чыгуначнымі лініямі, якія вядуць ва Украіну, і рыхтавалі дыверсіі, паведамляе rp.pl.
17.03.2023 / 11:52
Як паведамлялася раней, Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала дзевяць чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі. Паводле інфармацыі rp.pl, у шпіёнскую групу Расія завербавала беларусаў і ўкраінцаў — сярод затрыманых няма расіян.
«Падазраваныя вялі разведвальныя дзеянні супраць польскай разведкі і рыхтавалі дыверсіі па даручэнні расійскай разведкі», — заявіў у чацвер на спецыяльнай канферэнцыі Марыюш Каміньскі, кіраўнік МУС, каардынатар спецслужбаў.
Шпіёны дзейнічалі ў Падкарпацці на маршрутах цягнікоў, якія накіроўваюцца ў бок памежных пераходаў з Украінай. Менавіта сюды з заходніх краін дастаўлялі як вайсковую тэхніку, гэтак і гуманітарную дапамогу.
— Даныя сведчаць, што гэтая група ажыццяўляла маніторынг чыгуначных маршрутаў. У яе задачы ўваходзіла распазнаванне і дакументаванне перавозак з узбраеннем, якія ажыццяўляюцца на карысць Украіны, — адзначыў Каміньскі. Паводле яго слоў, «падазраваныя таксама рыхтаваліся да дыверсійных дзеянняў, накіраваных паралізаваць пастаўкі тэхнікі, зброі і дапамогі Украіне». Падрабязнасцяў ён не раскрыў.
Пракурор Люблінскага аддзела ў справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі Нацыянальнай пракуратуры ў Любліне, які курыруе расследаванне, выставіў затрыманым абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Расіі і ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, за што ім пагражае дзесяць гадоў турмы.
Шасцярых падазраваных суд ужо часова арыштаваў. Пасля завяршэння допытаў яшчэ траіх чалавек следчыя таксама накіруюць хадайніцтвы аб арышце.
Паведамляецца таксама, што шпіёнаў прыцягнулі грошы. У Агенцтве ўнутранай бяспекі ёсць доказы таго, што яны на пастаяннай аснове атрымлівалі выплаты ад расійскіх спецслужбаў.
Чытайце таксама: