У Гродне будуюць копію Каложскай царквы
«Другая Каложа» — такую неафіцыйную назву будзе насіць новая царква ў гонар князя Аляксандра Неўскага, якую ўзводзяць на Індурскай шашы ў Гродне, у мікрараёне Вішнявец. Новы храм-помнік стане рэплікай першапачатковага віду Каложскай царквы і пакажа, як яна выглядала ў XII ст. адразу пасля пабудовы, паведамляе «Блог Гродна».
16.03.2023 / 19:15
Новы храм спраектавалі ў стылістыцы гродзенскай архітэктурнай школы старажытнарускага дойлідства з арыентацыяй на візантыйскую і раманскую архітэктуру. Даўжыня храма складзе 24,84 м, шырыня — 12,1 м, а вышыня да яблыка крыжа дасягне 19,95 м.
Пачалося будаўніцтва ў канцы 2021 года, завяршыць работы плануюць да 2025-га.
Аўтар YouTube-канала «Мой Ровар» паказаў, як будучы храм выглядае на сённяшні дзень.
Свята-Барыса-Глебская Каложская царква XII стагоддзя — адзін з найстарэйшых дзейных храмаў Беларусі. Храм працягвае жыць, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні. Адно з самых сур’ёзных адбылося ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі з-за апоўзня ў раку абрынулася сцяна царквы.
Яе аднавілі, але з дрэва. Праз стагоддзе драўляная сцяна запатрабавала капітальнага рамонту. У канцы 2018 года былі завершаныя маштабныя работы па захаванні святыні.
Чытайце таксама:
У Гродне да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне пабудуюць другую Каложу