100-гадовую жанчыну з Глыбоцкага раёна арыгінальна павіншавалі з юбілеем. Даслаў віншаванне і Папа Францішак
Арыгінальную ідэю прыдумаў унук Кірыл, які напісаў лісты святарам і распавёў пра сваю любімую бабулю. У адказ на яго лісты прыйшлі віншаванні з Ватыкана за подпісам Папы Рымскага і ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, паведамляе «Веснік Глыбоччыны».
16.03.2023 / 12:12
— Дарагая спадарыня Уладзіслава. Ад імя Папы Францішка прыміце сардэчныя віншаванні з нагоды 100-годдзя. Хай Добры Гасподзь умацуе і дабраславіць вас і даруе вам сваю ласку, — напісана ў віншавальным адрасе з Ватыкана.
— Жыццё пражыць — не поле перайсці, — гаворыць прымаўка. Нягледзячы на ўсе складанасці лёсу, Вы засталіся вернай хрысціянскаму пакліканню. Бог адарыў Вас ласкай доўгага жыцця, якое прынесла свой плён і прыносіць яго далей, перадусім праз хрысціянскае сведчанне. У гэты ўрачысты дзень ад усяго сэрца жадаю Вам наступных гадоў жыцця, напоўненых Божай ласкай, патрэбнымі дарамі, здароўем, спакоем, непахіснай верай і надзеяй, а Маці Божая няхай ахіне Вас сваёй апекай, — напісаў Тадэвуш Кандрусевіч.
На ўрачыстасці, прысвечанай юбілейнай даце, прысутнічалі ксёндз Задарожскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Эдвард Нарадоўскі, які падарыў Уладзіславе Мікалаеўне абраз і пажадаў жанчыне божага заступніцтва.
Быў ва Уладзіславы Мікалаеўны і паэтычны падарунак. Прысвячэнне юбілярцы напісала сястра яе зяця Івана, Антаніна Піваварчык.
Нясе жанчына сотню год падрад
Сваё дабро, цяпло, любоў і ласку.
Сустрэчы з ёю кожны сёння рад
І хоча атрымаць параду ці падказку,
Як трэба жыць і дзетак гадаваць,
Каб не звярнулі з правільнай дарогі.
Як трэба ў руках сябе трымаць,
Быць па жыцці лагодным або строгім.
Бо многа трэба было працаваць,
Вайну ўбачыць, гора і разруху.
І страх, і голад: слёзы не стрымаць,
Але цярплівай быць, «не падаць духам».
І выжываць, як ёсць, у галодны час,
І есці хлеб з мякінай і травою.
Вы скажаце, што не датычаць нас…
Не дай жа, Божа, бачыць нам такое.
А сёння з намі разам у гэты час
Сапраўдная жанчына, гаспадыня.
Мы са стагоддзем усе віншуем Вас,
Здароўе, шчасце Вас хай не пакіне.
Жадаем Вам і зараз па жыцці
Ісці, як сёння, смела, не здавацца.
Хай яркім светам свецяць на пуці
Шасцёра ўнукаў, праўнукаў трынаццаць!
Няхай вясна прыходзіць у Ваш дом
З любоўю, сонцам, верай і надзеяй.
Напоўніць светам, радасцю, цяплом
І дорыць Вам удзячнасць ад людзей!