Затрыманні псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў: што вядома 

абноўлена

Апошнімі днямі ў Беларусі масава затрымліваюць псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў. «Наша Ніва» даведалася некаторыя падрабязнасці.

15.03.2023 / 16:30

Фота: сацсеткі

Паводле тэлеграм-канала «Белые халаты», затрымана не менш за 20 спецыялістаў. Частку з іх пасля допытаў адпусцілі, частка застаецца пад вартай. Падчас допытаў у спецыялістаў патрабуюць даць інфармацыю пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія да іх прыходзілі.

Наколькі вядома «Нашай Ніве», затрыманні пачаліся яшчэ на мінулым тыдні. Затрыманні збольшага датычацца спецыялістаў, якія карыстаюцца ў сваёй працы метадамі гештальт-тэрапіі. Да гэтай супольнасці належала і Яўгенія Тачыцкая — псіхіятр-нарколаг і псіхатэрапеўт, якую дзяржаўныя медыя і КДБ звязваюць з Мікалаем Швецам, абвінавачаным у арганізацыі дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах.

Прапаганда сцвярджае, што Яўгенія дапамагла Швяцу схавацца ў катэджы. Туды нібыта адвёз яго сябра псіхатэрапеўткі.

Па звестках «Нашай Нівы», затрымліваюць спецыялістаў, якія, на думку спецслужбаў, раней кантактавалі з Яўгеніяй па прафесійных і асабістых пытаннях, навучаліся разам або працавалі. У затрыманых аглядаюць сацсеткі і «адпрацоўваюць» іхнія кантакты.

Пераважную большасць адпускаюць пасля допыту, калі на іхніх прыладах ці ў хаце не знайшлі нічога «крамольнага».

Сярод затрыманых — псіхолаг і цялесны тэрапеўт Юлія Бакун. Да яе прыйшлі яшчэ 9 сакавіка.

Тым часам супольнасць беларускіх спецыялістаў па ментальным здароўі, якія знаходзяцца за межамі краіны, выпусціла заяву ў сувязі з пераследам калег.

Сама Яўгенія Тачыцкая — у бяспецы, «Наша Ніва» нават з ёй звязалася. Але яна, як і іншыя датычныя да справы Мачулішчаў, пакуль нічога не гаворыць. 

Раней уступілі ў сілу змены ў закон «Аб псіхалагічнай дапамозе». Зараз сілавікам яшчэ прасцей атрымаць інфармацыю, якая складае прафесійную таямніцу.

Супольнасць псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў заяўляе, што гэтыя змены парушаюць базавы прынцып канфідэнцыйнасці псіхатэрапіі: «Важна пазначыць недапушчальнасць асобных палажэнняў бягучай версіі закона. Больш за тое, мы лічым, што такім чынам улады дыскрэдытуюць нашу прафесію саму па сабе. Канфідэнцыйнасць — аснова для развіцця даверных адносін паміж спецыялістам і кліентам, яе парушэнне вядзе да згубных і шкодных для ментальнага здароўя асобнага чалавека і грамадства ў цэлым наступстваў: павелічэння трывожнасці, агрэсіўнасці, канфліктнасці і недаверу, пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі, напрыклад, большай колькасці бытавых злачынстваў, а таксама да суіцыдаў».

Як радавацца жыццю ў цяжкія часы (і нават за кратамі). Расказвае псіхолаг, які сам прайшоў лукашысцкія засценкі і пераасэнсаваў досвед Франкла

«Ідуць на вайну ў патрыятычным запале, а войска — гэта дысцыпліна і руціна». Пра выгаранне каліноўцаў і не толькі

«Цяжка стаць звычайным грамадзянінам, адчуваеш сябе нейкім няўмекам». Былыя палітвязні распавядаюць пра жыццё пасля вызвалення

Nashaniva.com