Следам за шакаладам Ritter Sport у беларускія крамы вярнуліся Merci і Toffifee
У беларускія крамы вярнуліся нямецкія шакаладкі Merci і цукеркі Toffifee, заўважылі журналісты выдання Onliner. А з пачатку гэтага года на паліцах зноў можна было ўбачыць нямецкія шакаладкі Ritter Sport.
14.03.2023 / 23:59
З 1 студзеня 2022 года частка еўрапейскіх тавараў апынулася пад забаронай (але з магчымасцю выдзялення квот для ўвозу), у тым ліку шакалад, розныя цукеркі і жалацінкі. У крамах пасля таго распрадавалі толькі рэшткі раней завезеных тавараў, а цяпер, мяркуючы па тэрмінах прыдатнасці, падвезлі новыя партыі.
Адносна паставак Ritter Sport раней правёў расследаванне Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Па яго выніках высветлілася, што фактычнай кантрабандай гэтага тавару займаецца праз пасрэднікаў кампанія Сяргея Цяцерына «БелГлобалГарант». Вядома, што Цяцерын — асоба, набліжаная да самога Лукашэнкі, нядаўна яны нават разам падчас візіту ў ААЭ пілі гарэлку на камеру за перамогу на Australian Open праўладнай тэнісісткі Арыны Сабаленкі, а перад тым сумесна секлі дровы.
Можна меркаваць, што гэтыя самыя ці падобныя схемы прымяняюцца і пры завозе ў Беларусь іншых нямецкіх брэндаў.
Чытайце таксама:
Хто завозіць у Беларусь шакалад Ritter Sport, які трапіў пад лукашэнкаўскія «контрсанкцыі»?