Вялізная хваля арыштаў. Сярод затрыманых — загадчык лабараторыі і былы спецназавец

Людзей кашмараць за «няправільныя» рэпосты і палітычную актыўнасць.

14.03.2023 / 20:09

Газета «СБ. Беларусь сегодня» вярнулася да практыкі публікацыі відэа з затрыманымі. На мінулым тыдні яны апублікавалі каля дзясятка відэа брутальных затрыманняў, за сёння выйшлі відэа яшчэ з сямю людзьмі, да якіх прыходзілі сілавікі.

Аляксандр Леаненка. Фота з канала ГУБАЗіК

Адным з затрыманых стаў 66-гадовы Аляксандр Леаненка з вёскі Рымаўцы Бабруйскага раёна. Яму закідаюць удзел у пратэсце 30 жніўня 2020 года. У яго дома, як паведамляецца, таксама знайшлі шмат беларускай сімволікі.

Павал Эцін. Фота: старонка ва ўкантакце

Затрымалі таксама 41-гадовага Паўла Эціна з Гомеля. Ён працуе загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі «Транспартныя сродкі» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Яго абвінавацілі ў «экстрэмісцкім» рэпосце на старонцы ў фэйсбуку і прысудзілі 15 сутак арышту.

Вячаслаў Архіпенка. Фота: старонка ва ўкантакце

Таксама выйшла відэа з 27-гадовым Вячаславам Архіпенкам. Ён родам са Жлобіна, некалі праходзіў службу ў спецназе. Мужчыну закідаюць «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Сяргей Філеў. Фота: старонка ва ўкантакце

Затрымалі і 28-гадовага чыгуначніка з Гомеля Сяргея Філева. Невядома, у чым яго абвінавацілі, але ў відэа ён кажа, што некалі быў падпісаны на «дэструктыўныя каналы» і схадзіў на пару мітынгаў, але «перастаў цікавіцца палітыкай».

Дзмітрый Зоцікаў. Фота: старонка ва ўкантакце

44-гадовы фатограф з Мазыра Дзмітрый Зоцікаў таксама быў затрыманы. У мужчыны ёсць малы сын. У відэа сілавікоў ён распавядае, што нібыта быў падпісаны на «каналы і рэсурсы, прызнаныя дэструктыўнымі», «дасылаў інфармацыю ў чат-бот «Голас», а таксама дагэтуль падпісаны на незалежную прэсу.

Мікалай Бельскі. Фота: праўладны канал

Яшчэ адным затрыманым стаў пенсіянер Мікалай Бельскі. Мужчына распавядае, што быццам некалі чытаў «экстрэмісцкія каналы», але пасля перастаў.

Фота з праўладнага канала

Імя апошняга затрыманага з відэа невядомае. Ён таксама кажа, што нібыта некалі быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы», але пасля «адпісаўся ад іх».

Асуджаныя гэтыя мужчыны ці адпушчаныя на волю, невядома. Паведамлялася толькі пра адміністрацыйны прысуд Паўлу Эціну.

Падчас чарговай акцыі застрашвання грамадства пасля дыверсіі ў Мачулішчах па ўсёй краіне затрымалі ці прыходзілі з вобшукам да сотняў чалавек, супраць некалькіх дзясяткаў завялі крымінальныя справы. Сярод затрыманых псіхіятры і псіхатэрапеўты, рэканструктары, былыя актывісты, тыя, каго затрымалівалі ў 2020-м і іншыя групы людзей. Імаверна, па гэтай справе можа быць затрыманы намеснік Мясніковіча Дзмітрый Шадко.

Пры гэтым затрыманыя не маюць аніякай сувязі з выканаўцамі дыверсіі. Гэта іншыя людзі.

Чытайце таксама:

Стала вядома, хто такі Якуцік, пра якога па ўсёй Беларусі дапытвалі стралкоў, і ў чым яго абвінавачваюць

Дырэктар вялікай кампаніі з Ваўкавыска — у СІЗА. Затрыманне Дзмітрыя Марозава мае некалькі парадаксальных акалічнасцяў

Каго менавіта затрымалі ў вёсцы Чарцяж? Гэта сямейная пара, у іх двое дзяцей

Пасля атакі ў Мачулішчах ідуць павальныя затрыманні — і людзей павальна спрабуюць вербаваць

Nashaniva.com