Новыя вершы Андрэя Скурко, ілюстраваныя штучным інтэлектам
Паўліна Скурко апублікавала ў інстаграме новыя дзіцячыя вершы свайго мужа, палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко. Гэтым разам для ілюстрацыі вершаў яна выкарыстала штучны інтэлект.
14.03.2023 / 11:38
«Упершыню забаўлялася нейрасеткамі: загружала Андрэевы вершы і чакала, як іх праілюструе», — напісала Паўліна. Вынік яе задаволіў. «Адзін з самых удалых прыкладаў ілюстравання штучным інтэлектам», — лічыць яна.
Ілюстрацыі: skurkopaulina / Instagram
РРРРРРР
Што за грукат,
Што за гук?
Гэта едзе бурундук!
Прыкаціў у бор ён раптам
І прывёз арэхаў трактар.
Для вавёрак і баброў —
Для сябровак і сяброў.
Як угрызліся ў арэхі,
Праляцела борам рэха.
Грыз арэхі нават тыгр
І казаў вавёркам: «Р-р-р!»
***
Жыў на свеце Хто-ніхто,
Хатку меў і паліто,
Шафу меў і халадзільнік
(І маленечкі будзільнік).
Халаднік любіў са шчаўем
І халву з гарачым чаем.
З хамякамі сябраваў,
З імі ў хованкі гуляў.
Прагуляцца ўначы
Вылятаў ён на хрушчы.
І карміў хрушча лістом
Каля хаткі пад кустом.