На Палессі пабачылі першых буслоў, што прыляцелі з выраю. Сёлета яны вярнуліся раней, чым звычайна
Першых буслоў убачылі ў небе над Пінскам, паведаміў «Віртуальны Брэст». Хоць звычайна буслы вяртаюцца ў родныя мясціны крыху пазней — у канцы сакавіка — пачатку красавіка.
13.03.2023 / 23:58
Летась жыхары Палесся заўважылі птушак 21 сакавіка, у 2021 годзе — 25 сакавіка.
Адна з прычын ранняга вяртання птушак сёлета — анамальна цёплае надвор'е. Напрыклад, у першы дзень года на Брэстчыне слупок тэрмометра падымаўся да +15°С.
«Віртуальны Брэст» пры гэтай нагодзе адзначае, што на Брэстчыне ёсць і ўнікальныя прыклады зімоўкі буслоў. Так, бусел Фёдар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна ўвогуле не ляціць на зімоўку ў вырай. Мясцовыя жыхары жартуюць, што птушка стала «брэндам» вёскі.
Чытайце таксама:
З 15 лютага забаранілі разбураць птушыныя гнёзды