Колькі каштуюць кватэры ў доме з відам на Купалаўскі тэатр. Тут жылі Караткевіч, Мележ, Шамякін і іншыя знакамітасці
У 1953 годзе ў Мінску здалі новы дом для беларускіх пісьменнікаў. Цагляная сталінка, якая складаецца з трох падʼездаў, размясцілася на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. У савецкія гады будынак быў вядомы як «МанаЛІТ» (так як у ім жылі літаратары), а ў наш час мы ведаем гэтую сталінку як адзін з уваходаў на станцыю метро «Купалаўская». Realt.by даведаўся, якія кватэры прадаюцца ў гістарычным будынку.
13.03.2023 / 11:22
Дом па вуліцы Маркса, 36 быў пабудаваны на месцы разбуранага ў гады вайны будынка. Пачалося яго будаўніцтва ў 1951 годзе, а завяршылася — у 1953-м. Архітэктарам дома ў стылі «савецкі неакласіцызм» выступіў Авель Брэгман.
Здалі будынак да свята 7 Лістапада. Цікава, што два падʼезды ўзводзіў за ўласныя грошы Літфонд, яшчэ адзін падʼезд аплаціў Мінгарсавет. У гэтым доме з 1953 па 1971 гады жыў аўтар знакамітых «Палескіх рабінзонаў» Янка Маўр.
Таксама на будынку можна ўбачыць мемарыяльныя дошкі ў гонар паэта Пятра Глебкі, народнага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які напісаў тут свой раман «Чорны замак Альшанскі», і іншых вядомых дзеячаў культуры. Вядома, што ў розны час пад гэтым дахам пражывалі літаратары Іван Мележ і Іван Шамякін, Васіль Вітка і Піліп Пестрак, Ніл Гілевіч і Уладзімір Някляеў, народны артыст БССР Мікалай Аладаў і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 1944—1977 гадах Алена Аладава.
Першапачаткова ў кватэрах стаялі печкі, але ў пачатку 1960-х гадоў у дом правялі газ.
Будынак крыху змяніўся ў 1990-м годзе — тады тарэц «МанаЛІТа» перабудавалі, зрабіўшы ў ім уваход у метро «Купалаўская». У 2021 годзе ў доме быў праведзены капрамонт з заменай усіх камунікацый. Сёння дом зʼяўляецца помнікам архітэктурна-культурнай спадчыны.
Дарэчы, паводле інфармацыі сайта PlanetaBelarus.by, да рэвалюцыі на гэтым месцы знаходзілася першая ў Мінску платная аўтастаянка (як сёння сказалі б, паркінг), а першая стаянка таксі ўзнікла ў 1912 годзе непадалёк, каля параднага ўвахода ў Аляксандраўскі сквер.
Колькі тут каштуюць кватэры?
Цяпер у сталінцы прадаюцца адразу чатыры кватэры.
Самы эканамічны варыянт — аднапакаёўка плошчай 36 квадратных метраў. Як сказана ў абʼяве, «кватэра пасля капітальнага рамонту, мэбляваная, з выдатным відам на тэатр ім. Я. Купалы і Адміністрацыю Лукашэнкі, мае выдатны камерцыйны патэнцыял». Кошт аднапакаёвай кватэры — 99 тысяч даляраў.
Таксама тут прапануецца двухпакаёўка плошчай 56 квадратных метраў. Кватэра з рамонтам, мэбляй і тэхнікай прадаецца за 167,5 тысячы даляраў. «Выдатнае ўкладанне грошай пад гасцявы бізнэс», — сцвярджаецца ў абʼяве.
Яшчэ адзін варыянт — трохпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Плошча жылля — 77 квадратных метраў. Тут зроблены новы якасны рамонт з узаконенай перапланіроўкай. Вокны кватэры выходзяць на два бакі дома: частка з іх глядзіць на тэатр з Аляксандраўскім скверам, частка — на ціхі двор. Кошт гэтай кватэры — 218 тысяч даляраў.
Самая шыкоўная прапанова — трохпакаёвая кватэра на чацвёртым паверсе.
У гэтай кватэры прадугледжана ўсё для камфортнага пражывання: убудаваная сістэма прытокава-выцяжной вентыляцыі Zehner, натуральная паркетная дошка Bauwek (Швейцарыя), двухкамерныя драўляныя шклопакеты, падлогі з падагрэвам, кухня Sachsen Kuechen (Порта-Порта) з убудаванай бытавой тэхнікай Smeg і шмат чаго яшчэ. Адзначаецца, што ўся праца праводзілася пад кантролем дызайн-студыі Nota Bene ў асобе яго арт-дырэктара і дызайнера Максіма Максіменкі. Кошт гэтай кватэры — 250 тысяч даляраў.