Каля 30 чалавек звольнілі з адной арганізацыі ў Глыбокім па палітычных матывах
Такое масавае звальненне людзей па палітычных матывах, як у «Глыбоцкіх электрычных сетках», — першы вядомы ў Віцебскай вобласці, піша «Віцебская вясна».
13.03.2023 / 09:09
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня ўтварэння «Глыбоцкіх электрычных сетак». У Глыбоцкім гарадскім доме культуры. Фота: «Веснік Глыбоччыны»
У пачатку сакавіка ў Глыбоцкім гарадскім доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня ўтварэння «Глыбоцкіх электрычных сетак». А ўжо праз некалькі дзён пасля гэтага ў арганізацыі пачаліся чысткі па палітычных матывах.
Па інфармацыі «Віцебскай вясны», там былі звольнены людзі не толькі за тое, што хадзілі на акцыі, але і за тое, што ставілі подпісы падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі не за Лукашэнку, за тое, што дапамагалі фінансава тым, каго ўлады незаконна штрафавалі, увогуле за салідарнасць з іншымі беларусамі і нелаяльнасць да цяперашняй улады ў Беларусі.
«І хоць раней, некалькі месяцаў таму, у кожную арганізацыю Глыбокага сілавікі перадалі спісы непажаданых, якія налічвалі дзясяткі чалавек у кожнай, кіраўнікі прадпрыемстваў не спяшаліся звальняць людзей, а часам нават за іх уступаліся. Тады былі звольнены адзінкі. Але зараз паступіла такое ўказанне ў канторы і асабіста ідэолагам на прадпрыемствах, што калі не пачнуцца большыя звальненні, то іх саміх прыбяруць з працы», — пішуць праваабаронцы.
На яшчэ адным вялікім глыбоцкім прадпрыемстве Малочна-кансервавым камбінаце масавых звальненняў няма. Але людзям, якія ў спісах нелаяльных, па заканчэнні кантракта яго не працягваюць. То-бок звальненні атрымліваюцца паступовыя. «Да таго ж пачало развівацца стукацтва, калі адны работнікі пачынаюць даносіць на іншых проста таму, што знаходзяцца ў дрэнных стасунках ці хочуць каго пасунуць па працы», — дадаюць праваабаронцы.
Па інфармацыі «Віцебскай вясны», падчас звальненняў не шкадуюць нікога — ні жанчын, якія гадуюць адны дзяцей без мужа, ні шматдзетных бацькоў. Людзі такія звальненні паміж сабой называюць «чорны білет», бо пасля яго вельмі складана кудысьці ўладкавацца ў Беларусі.