Галоўчанка выпраменьвае аптымізм: санкцыі аказваюць прамы блакуючы ўплыў толькі на 25% эканомікі Беларусі
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 11 сакавіка ў праграме «Вопрос номер один» на тэлеканале «Беларусь 1» расказаў пра тое, як цяпер пачувае сябе беларуская эканоміка. Паводле яго слоў, «прамы блакуючы ўплыў» абмежавальныя меры аказваюць на 25% беларускай эканомікі, астатняя знаходзіцца «пад ускосным уздзеяннем санкцый».
11.03.2023 / 23:19
І хоць галіны, якія трапілі «пад самыя жорсткія санкцыі», працягваюць адчуваць «пэўныя цяжкасці», тым не менш Галоўчанка не траціць аптымізму:
«Нават не цэлы год, а, напэўна, дзевяць-дзесяць месяцаў было адведзена на тое, каб мы разрулілі асноўныя пытанні і не дазволілі спраўдзіцца тым прагнозам, якія давалі аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі з вялікім штатам адмыслоўцаў, што могуць аналізаваць усё на свеце, — сказаў чыноўнік. — Гэтыя штаты адмыслоўцаў, як вы памятаеце, нам напрагназавалі: самае песімістычнае — 20% падзення [эканомікі], самае аптымістычнае — 8%. Дзякуй богу, мы спрацавалі лепш, чым самы аптымістычны [сцэнарый]».
Паводле слоў Галоўчанкі, «эканоміка ў цэлым спраўлялася з тымі выклікамі, якія ёй былі падкінутыя летась». А фінансавыя вынікі ўвогуле цудоўныя:
«Бо ў нас рэнтабельнасць продажу па эканоміцы, здаецца, 8,9% — рэкорд за дзесяць гадоў. Так, дапамаглі высокія сусветныя цэны. Але толькі дапамаглі, усё астатняе зрабілі самі нашы людзі і нашы прадпрыемствы. У нас гістарычна лепшае сальда знешняга гандлю, напэўна, гэта таксама нядрэнны вынік у гэтых умовах, ніхто такога не чакаў».
Павысіўся, паводле слоў Галоўчанкі, і аперацыйны даход у прадпрыемстваў, знізілася і сумарная падатковая нагрузка на 50%, і «гэта адзін з найлепшых паказчыкаў за ўсе гады».
У 2022 годзе ВУП Беларусі знізіўся на 4,7%. На 2023-і прырост гэтага паказчыка запланаваны на ўзроўні 3,8%.