Папа Францішак паедзе ў Кіеў толькі тады, калі яго запросяць і ў Маскву
Папа Францішак заявіў, што гатовы наведаць Украіну, але толькі пры ўмове, што пасля гэтага абавязкова наведае Маскву. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю аргенцінскаму парталу La Nacion.
11.03.2023 / 21:15
«Я жадаю паехаць у Кіеў. Я хачу паехаць у Кіеў. Калі паеду ў Маскву. Я наведаю альбо абодва гарады, альбо ніводнага», — заявіў Папа.
Францішак прызнаў, што пакуль наведаць Маскву ён не можа, але «гэта не немагчыма»:
«Спадзяюся, што мы зможам гэта ажыццявіць. Але ніякіх абяцанняў няма».
Ён таксама сказаў, што прапаноўваў украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму прыехаць у Ватыкан для аўдыенцыі.
«Але ўрэшце ён адклаў яе пасля пачатку бамбаванняў і сказаў, што не адмяняе яе, а адкладае да моманту, калі зможа падарожнічаць за мяжу», — адзначыў Папа Рымскі.
Яшчэ ў ліпені 2022 года Францішак сказаў, што хацеў бы наведаць Кіеў пасля вяртання з Канады 30 ліпеня, але таксама ён хацеў бы паехаць у Маскву, пажадана перад візітам у Кіеў, каб спрыяць міру.