«Затрымалі выпадкова». Медзвядчук распавёў, хто яго затрымаў пасля ўцёкаў з-пад варты
Віктар Медзвядчук у расійскім тэлеэфіры распавёў пра сваё затрыманне СБУ ў красавіку мінулага года.
11.03.2023 / 15:22
Ён сцвярджае, што яго затрымалі каля шасці вечара 12 красавіка. Тым самым ён абверг канспіралагічныя версіі, што яго затрымалі адразу пасля пачатку ўварвання, а паказалі грамадскасці толькі ў красавіку.
Ён гаворыць, што затрымала яго тэрабарона, прычым выпадкова — пазналі. «Надзелі кайданкі, надзелі мяшок і павалаклі ў іншую машыну», — кажа Медзвядчук.
Таксама Медзвядчук распавёў, дзе было зроблена яго знакамітае ўжо фота ў форме і ў кайданках.
«Гэта кабінет начальніка Дэпартамента контрвыведкі СБУ. Мяне прывезлі ў нейкім каўпаку, таму і прычоска такая. Калі яго знялі, перада мной стаяў Баканаў (на той момант — кіраўнік СБУ). Да гэтага я быў у мяшку на цэментавай падлозе».
Са слоў Медзведчука, фізічнага гвалту да яго не ўжывалі, «але ўсё астатняе было».
Ён кажа, што некалькі месяцаў ён правёў у кайданках, якія не здымалі ні ўдзень, ні ўначы. Але цяпер з рукамі ў яго ўсё нармальна — «чалавек прызвычайваецца да ўсяго».
У верасні мінулага года агент уплыву Масквы, якога называюць кумам Пуціна, быў абменены на абаронцаў «Азоўсталі».
Чытайце таксама:
Як насамрэч мянялі Медзведчука і камандзіраў «Азова». Невядомыя падрабязнасці