У Мінску восьмы раз спрабуюць прадаць маёмасць закрытага завода, цана паменшала ў пяць разоў

На таргі зноў выставілі маёмасць Мінскага завода ацяпляльнага абсталявання на вуліцы Ціміразева, паведамляе сайт «Белрэалізацыя». Вялізная тэрыторыя былога прадпрыемства прадаецца ў пяць разоў танней за сваю пачатковую цану. 

10.03.2023 / 23:14

Аўкцыён прызначаны на 27 сакавіка, старт падачы заявак — 11 сакавіка. Пачатковая цана лота — 12,9 млн рублёў.

Так як таргі пройдуць на паніжэнне, мінімальная стаўка пры наяўнасці адзінага пакупніка складзе каля 6,5 млн рублёў.

Мінулы аўкцыён павінен быў адбыцца 1 сакавіка, кошт лота пры гэтым складаў 9,3 млн даляраў па курсе. Аднак праз адсутнасць ахвотных набыць тэрыторыю завода таргі не адбыліся.

Упершыню Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання (таксама яго завуць радыятарным), спрабавалі прадаць у чэрвені 2022 года з пачатковай цаной амаль 65 млн беларускіх рублёў. З таго часу яго цана зменшылася ў 5 разоў.

Улічваючы тое, што лот не прадаўся за сем папярэдніх спроб, канчатковая цана можа зніжацца пасля яшчэ больш.

Былое прадпрыемства знаходзіцца па адрасе вуліца Ціміразева, 29 у прамзоне каля чыгуначных шляхоў і недалёка ад РЦАП па тэнісе.

Nashaniva.com