У Шклове звольнілі кіраўніка раённай бальніцы. Ëн заклікаў раўняцца на Лукашэнку
Звальненне галоўнага доктара раённай бальніцы Сяргея Новікава звязваюць з адгалоскамі гісторыі «ратавання» Лукашэнкам хворай зямлячкі. Далейшы лёс пацыенткі асвятлялі дзяржаўныя медыя, якія пісалі, што Лукашэнка яе «практычна выцягнуў з морга».
12.03.2023 / 14:55
Былы галоўны доктар Шклоўскай раённай бальніцы Сяргей Новікаў. Фота: shklovinfo.by
Гісторыя з хворай жанчынай адбылася летась у снежні. Вінаватым палічылі Новікава.
У 2017-м галоўным доктарам стала Таццяна Шыпіла, якая да Шклова працавала ў Магілёўскім аблвыканкаме начальніцай аддзела па ахове мацярынства, дзяцінства і па працы са зваротамі грамадзян.
Праз два гады Таццяну Шыпіла замяніў Сяргей Новікаў. Ён рабіў кар'еру хутка. У 31 год яго прызначылі намеснікам галоўнага доктара Шклоўскай бальніцы. Праз год, у 2019-ым, ён стаў яе кіраўніком.
Па спецыяльнасці Новікаў — хірург. Вучыўся ў Віцебскім медычным універсітэце. Па заканчэнні вярнуўся ў Шклоў, дзе жыў з бацькамі з дзяцінства.
Сяргей Новікаў робіць прышчэпку ад каранавіруса. Фота: shklovinfo.by
Падначаленыя характарызавалі Новікава як «залішне патрабавальнага» кіраўніка, які «чуйны да змены настрояў у начальніцкіх кабінетах». Новікаў — дэпутат райсавета, быў дэлегатам так званага «Усебеларускага народнага сходу».
«Ён сапраўды наш нацыянальны лідар, і мы ўсе імкнёмся на яго раўняцца», — казаў ён пра Лукашэнку.
Падчас пандэміі каранавіруса Новікаў вымусіў звольніцца загадчыцу інфекцыйнага аддзялення лякарні, якая, па словах яе калег, дамагалася ад кіраўніцтва, каб яно выдавала ў належнай колькасці падначаленым сродкі індывідуальнай абароны. Паводле сведак, пасля гутаркі з галоўным доктарам загадчыца напісала заяву аб сваім сыходзе. Паводзіны Новікава падначаленыя назвалі тады «неэтычнымі, што не адпавядаюць сітуацыі».
«Ён перастрахоўваўся, каб не перапала і яму. Тады сітуацыя была дужа напружанай. Дактары працавалі на знос. Ніхто не чакаў такой колькасці хворых. Загадчыца аддзялення лішняга не прасіла, проста заклікала забяспечыць нас сродкамі абароны, і як вынік — вымушаная была звольніцца», — расказаў адзін з дактароў.
Шклоў. Цэнтральная раённая бальніца. Фота: shklovinfo.by
Шклоўская бальніца па раённых мерках няблага абсталяваная — фінансаванне радзімы Аляксандра Лукашэнкі заўсёды было прыярытэтным. Па словах медыкаў, для лячэння пацыентаў усё неабходнае з тэхнікі ёсць. Але Новікаў сам наракаў на нястачу кадраў.
«На жаль, цяпер стала відавочнай палітыка замежных дзяржаў у перавабліванні нашых спецыялістаў. Але я не лічу, што заробак, якім імкнуцца іх перацягнуць, нагода з'язджаць са сваёй краіны. Да таго ж цяпер дактары атрымліваюць годны заробак», — казаў Новікаў.
Як расказваюць медыкі, калі б не выпадак з хворай жанчынай, сваякі якой здолелі «неяк паскардзіцца Лукашэнку» на кепскае лекаванне яе ў Шклоўскай бальніцы, то дэлегат Усебеларускага сходу Новікаў заставаўся б кіраўніком лякарні дагэтуль. Па іх словах, пасля таго, колькі ўвагі было прысвечана «выцягнутай з таго свету» зямлячцы Лукашэнкі, звальненне галоўнага доктара райбальніцы было справай часу.
«Ёй паставілі дыягназ апендыцыт і зрабілі аперацыю. Але арганізм у 53-гадовай жанчыны быў аслаблены каранавірусам. У выніку, па розгаласе пра яе гісторыю, жанчыну перавезлі ў Магілёўскую абласную бальніцу, а адтуль нібыта ў Мінск».
Новікаў тады апраўдваўся, што ў бальніцы стараліся нармалізаваць стан пацыенткі, каб затым перавесці яе ў Магілёў.
Пасля выпадку ў Шклове Лукашэнка папярэдзіў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча аб нечаканых праверках бальніц. Літасці не будзе, абяцаў ён чыноўніку.
Стан бальніц цяпер правярае камісія, узначаленая галоўнай доктаркай Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Ірынай Абельскай. Адной з першых бальніц, якая трапіла пад увагу камісіі, была бальніца ў Шклове.
Галоўны доктар Шклоўскай раённай бальніцы Аляксандр Лобаў. Фота: shklovinfo.by
9 сакавіка калектыву Шклоўскай райбальніцы прэзентавалі новага галоўнага доктара — Аляксандра Лобава. Раней ён кіраваў бальніцай у Касцюковічах.
«Мне цяжка характарызаваць яго як кіраўніка, але нараканняў на яго не было. Ён вельмі добры хірург», — выказалася пра яго адна з калег.
Лобаву пастаўлена задача «аказваць якасную медычную дапамогу кожнаму жыхару рэгіёна». На першай яго сустрэчы з калектывам Сяргея Новікава не было.
Чытайце яшчэ:
«Мама прасіла тату сысці з палітыкі». Дачка Рыгора Кастусёва пра бацькаву няволю ды трывожныя навіны з-за кратаў