Што трэба ведаць пра цюльпаны, каб імі не нашкодзіць сабе
Сімвалам 8 Сакавіка даўно стаў цюльпан. 8 Сакавіка гэтыя кветкі — скрозь. Простая з выгляду расліна між тым, засцерагае навуковец Сяргей Бесараб, не бяскрыўдная. Яна ўтрымлівае рэчывы, якія раздражняюць горла і могуць апячы скуру.
11.03.2023 / 15:23
Што такое цюльпанавыя пальцы
Хімік Сяргей Бесараб адзначыў у фэйсбуку: у цюльпанах людзі бачаць свята, а ён — «цюльпанавыя пальцы».
«Убачыў навіну пра мужчыну, які ў Ціктоку пахваліўся вырашчанымі ў кватэры цюльпанамі, — піша навуковец. — Пабачыў, і адзінае пытанне, якое ў мяне ўзнікла «а як у яго са скурай рук?»
Паводле тлумачальных слоўнікаў, «цюльпанавыя пальцы» — гэта дэрматалагічны сіндром, які выяўляецца сухасцю, экзематызацыяй скуры на кончыках пальцаў, апроч таго, дыстрафіяй пазногцевых пласцін і нагнаеннем. Гэта вынік выдзялення цыбульнымі раслінамі соку з біялагічна актыўнымі рэчывамі.
Што не так з цюльпанамі
Сяргей Бесараб кажа, што некаторыя часткі цюльпана ўтрымліваюць спецыфічныя рэчывы для абароны ад грыбковых захворванняў —«цюльпанавай шэрай гнілі».
«Гэтыя злучэнні ўпершыню былі ідэнтыфікаваныя ў 1967 годзе ў Нідэрландах і названыя туліпалінамі (ад лацінскай назвы цюльпана — Tulipa), — даводзіць навуковец. — Дзякуючы гэтаму адкрыццю, стала зразумела, чаму ў тых, хто працаваў на нідэрландскіх кветкавых прадпрыемствах, часта ўзнікала моцнае раздражненне горла, якое нават магло прывесці да апёку і смерці чалавека».
«Цюльпанавыя пальцы». Фота: patreon.com
Паводле Бесараба, трываласць негатыўнага ўздзеяння «цюльпанавай прыгажосці» залежыць, ад таго, ці былі расліны падчас вырошчвання пашкоджаныя грыбковымі захворваннямі і ці паспелі назапасіць дастатковую колькасць моцных фунгіцыдных туліпалінаў.
«Уздзеянне залежыць ад таго, як доўга чалавек кантактуе з такімі «зараджанымі» раслінамі і, з якімі менавіта часткамі. Больш за ўсе назапашвае актыўныя рэчывы каранёвая сістэма, цыбуліна і песцікі кветкі, а таксама ніжняя частка ствала, але рэчывы ёсць усюды)», — расказвае Сяргей Бесараб.
Калі ўсе, згаданыя навукоўцам фактары супадаюць, то чалавек можа, напрыклад, атрымаць наймацнейшую алергічную рэакцыю з ацёкам горла.
Такія выпадкі фіксаваліся, калі людзі ўдыхалі пыл здробненых цыбулін цюльпанаў, іх шалупіння ці проста высушаных раслін. А ў людзей з адчувальнай скурай могуць узнікаць моцныя скураныя алергічныя рэакцыі, так званыя фітадэрматыты.
Найлепшы сродак абароны — пальчаткі з нітрыльнай гумы
Найбольш рызыкуюць сутыкнуцца з праблемамі тыя хто прафесійна працуе з цюльпанамі — зборшчыкі кветак, сарціроўшчыкі, упакоўшчыкі. Яны найчасцей маюць прафесійнае захворванне, «цюльпанавы дэрматыт» (tulip finger «цюльпанавы палец»).
Па словах Бесараба, сімптомы немачы ад цюльпанавых таксінаў падобныя да грыбковых захворванняў скуры і пазногцяў. Пры кантакце з сокам кветак ці цыбулінамі спачатку ўзнікае эрытэма (пачырваненне) скуры рук, потым арагавенне, трэшчыны і разлушчванне.
«На пачатку хваробы часта ўзнікае сверб, растрэскваюцца ці адслойваюцца пазногці, — засцерагае навуковец. — У рэдкіх выпадках дэрматыт можа распаўсюджвацца далей па руках, аж да локця. Падобныя дэрматыты могуць атрымаць фларысты і садаводы, якія голымі рукамі зрываюць шмат кветак. У некаторых выпадках дэрматыт можа ўзнікнуць не адразу пасля кантакту з сокам кветак, а праз некалькі дзён. Хутчэй за ўсё, гэта залежыць ад асаблівасцей арганізма, таўшчыні скуры і іншых фактараў».
Сяргей Бесараб заўважае: наступствы ад уздзеяння кветак найчасцей заканчваюцца дэрматытамі. Але могуць стаць і фатальнымі для арганізму, калі ў чалавека высокая адчувальнасць ці адбылася моцная алергічная рэакцыя, якая прывяла да ацёку горла і задухі. У такім выпадку пацярпеламу патрэбная экстранная дапамога.
Найлепшы сродак абароны ад фітатаксінаў цюльпана — гэта пальчаткі з нітрыльнай гумы. Сінтэтычныя пальчаткі з латэксу і ПВХ (полівінілхларыду) для туліпалінаў цюльпана пранікальныя і не бароняць. Калі цюльпанавы дэрматыт узнік — то лечаць яго мазямі з кортыкастэроідамі, але абавязкова па ўзгадненні з доктарам.
«Не чуў, каб у Беларусі хтосьці займаўся фітатаксікалогіяй»
Навука, якая вывучае атрутныя рэчывы расліннага паходжання або атручэнні імі жывёл, называецца фітатаксікалогіяй. Сяргей Бесараб прызнаецца, што не чуў, каб у Беларусі хтосьці ёю займаўся.
«Калі у пошуку Google упісаць нешта кшталту фітахімія расліны, то акрамя маіх артыкулаў пяцігадовай даўніны наўрад ці штосьці знойдзецца, — заўважае навуковец. — Гэта цікава толькі невялікаму колу спецыялістаў. Шчыра кажучы, нават параіцца наконт нейкіх фітахімічных асаблівасцей той ці іншай расліны няма з кім. Найчасцей даводзіцца ў працы над артыкуламі праз Linkedin камунікаваць з амерыканцамі, ці з нават з індусамі».
Паходзяць цюльпаны з Бліжняга Усходу, Малой і Сярэдняй Азіі. Еўрапейцы пазнаёміліся з імі ў Візантыі. У Турцыі, якая захапіла яе, дагэтуль цюльпан лічыцца нацыянальнай кветкай краіны. Меркавана, у Еўропу цюльпаны трапілі ў сярэдзіне 16 стагоддзя.
Беларусь мае свае цюльпаны. У дзікай прыродзе расце цюльпан лясны, які занесены ў Чырвоную кнігу краіны.
Чытайце таксама: Карысныя матэрыялы па расліннай небяспецы:
Артыкул, прысвечаны дэкаратыўным раслінам, якія з нацяжкай можна назваць пакаёвымі.
Тут гаворыцца пра пагрозы кантактнага дэрматыту.
У гэтым артыкуле пішуць пра адзін туліпалін А, які фітатаксічны.
Тут гаворка пра раслінныя таксіны.
Чытайце таксама:
Што рабіць, каб цюльпаны даўжэй стаялі ў вазе
«90% выбіраюць бюджэтныя букеты і плацяць картай растэрміноўкі». Колькі ў Мінску цяпер каштуюць кветкі і які на іх попыт