Украінскі суд пачаў разглядаць справу яшчэ аднаго палоннага беларуса, які ваяваў на баку Расіі
Ва Украіне 7 сакавіка пачаўся судовы працэс, на якім разглядаюць справу грамадзяніна Беларусі Андрэя Герыловіча, паведамляе «Радыё Свабода».
08.03.2023 / 17:18
Фота: сацсеткі
Андрэя Герыловіча абвінавачваюць паводле часткі 4 артыкула 447 (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях). За гэта прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.
У 2022 годзе беларус Андрэй Герыловіч прыехаў на цягніку з Гомеля ў Краснадар, адтуль на таксі дабраўся на палігон ПВК «Вагнер» і падпісаў кантракт на вайну ва Украіну. Украінцы ўзялі яго ў палон летась у лістападзе.
Падчас дасудовых следчых дзеянняў, як паведамляла Служба бяспекі Украіны, Андрэй Герыловіч даў сведчанні аб ваенных злачынствах расійскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя звесткі асоб, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаванні, пазбаўленне грашовага забеспячэння і забойствы за невыкананне злачынных загадаў.
У студзені паводле гэтага самага артыкула асудзілі яшчэ аднаго беларуса — Максіма Зязюльчыка. Ён атрымаў максімальны тэрмін 10 гадоў, а 7 сакавіка яго перадалі ў Расію ў абмен на ўкраінскіх ваеннапалонных.
Чытайце таксама:
«Мама ў шоку». Што расказваюць знаёмыя пра беларуса з ПВК «Вагнер», якога ўкраінцы ўзялі ў палон