Паглядзіце, у што гулялі беларусы 100 гадоў таму

Музей гісторыі Мінска выставіў у фэйсбуку цікавыя здымкі аднаго з апошніх паступленняў у сваю калекцыю — гульні «Лато» больш чым стагадовай даўніны. Яна была падараваная жыхарамі дома з Паўночнага завулка, а яе ўзрост датуецца пачаткам ХХ ст.

08.03.2023 / 16:36

На здымках відаць, што вельмі добра захавалася скрынка з картамі і торбачка з бочачкамі, аздобленая вышыўкай з выявамі картачных масцей.

Гісторыя лато сягае сваімі каранямі ў Італію XVI стагоддзя. Азартная гульня хутка заваявала любоў простага народу, аднак у хуткім часе была забаронена з-за шматлікіх парушэнняў парадку, выкліканых пройгрышамі. Праз некаторы час гульня стала арганізоўвацца дзяржавай, а ўсе прайграныя грошы ішлі ў дзяржаўную казну. 

З Італіі лато распаўсюдзілася па Еўропе.

Бочачкі лато з пэўнымі лічбамі часта мелі асаблівыя назвы: 11 — барабанныя палачкі, 13 — чортаў тузін, 48 — «половинку просим», 75 — сем пятніц на тыдні, 77 — сякеры, 90 — дзед.

Калі ў Расійскай Імперыі лато было гульнёй хутчэй элітарнай, то ў часы СССР яно набыло шырокую распаўсюджанасць, так называлася нават самая папулярная дзяржаўная латарэя — «Спортлато». 

Nashaniva.com