Ціханоўскай прысудзілі Міжнародную прэмію міру Тыпэрэры

Міжнародную прэмію міру Тыпэрэры за 2022 год уручылі ў Ірландыі.

08.03.2023 / 11:38

«Гэтая ўзнагарода прысуджаецца не толькі мне, яна прысуджаецца мільёнам свабодных людзей Беларусі, якія бясстрашна і самааддана супраціўляліся тыраніі на працягу апошніх трох гадоў, — сказала Святлана Ціханоўская.

— Я ганаруся імі і дзякую Камітэту міру Тыпэрэры і Ірландыі за гэта прызнанне. Ірландыя заўсёды была сябрам Беларусі і асабіста мне. Дзіцем я прыехала ў Ірландыю па праграме дапамогі дзецям Чарнобыля і жыла ў самай цёплай сям'і ў гэтым самым раёне графства Тыпэрэры. Гэтая сям'я паказала мне, якое вялікае сэрца ў ірландцаў, і я шчаслівая, што ўсё яшчэ падтрымліваю з імі сувязь».

«Гэта неверагодная падтрымка дэмакратычнага руху Беларусі і сотняў тысяч актывістаў, якія супраціўляюцца тыраніі на месцах. Гэта дае надзею тысячам палітычных зняволеных, якія пакутуюць у беларускіх турмах за сваю праўду, за сваю смагу да свабоды і за прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям. Ваша ўвага да Беларусі робіць тыранаў больш уразлівымі, а ваша салідарнасць робіць нас мацнейшымі», — падзякавала Ціханоўская.

Раней сярод лаўрэатаў гэтай прэміі былі, напрыклад, былы прэзідэнт ПАР Нэльсан Мандэла, былы дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.

Nashaniva.com