Беларуская фатографка зрабіла рэзанансную паштоўку да 8 Сакавіка
«У дупу кветкі, жанчына хоча свабоды Беларусі!», «У дупу кветкі, жанчына хоча перамогі Украіны!». З такімі подпісамі фатографка Аліна Мазавец зрабіла паштоўкі, якія прысвяціла барацьбе жанчын за ўласныя правы.
08.03.2023 / 09:30
Першапачаткова фотаздымак быў зроблены падчас фотасесіі, якая ніяк не была звязана са святам 8 Сакавіка. Але ён, па меркаванні дзяўчыны, адзін з самых яркіх сярод яе астатніх прац.
«Потым падалося, што ён вельмі падыходзіць. Вясёлае і жыццёвае віншаванне са святам.
Антыпрапаганды кветак тут няма. Проста кветкамі нельга закрываць усе дзіркі ў сацыяльнай няроўнасці. Цяпер жанчыны (і думаю, што мужчыны таксама) як ніколі хочуць міра, перамогі і волі.
Сама няроўнасць існуе. Калі ты спрабуеш нешта змяніць, гэта патрабуе шмат часу і рэсурсаў. Хутчэй, ні мы, ні нашы дзеці не дажывём да моманту, калі раўнапраўе будзе магчымае. Але гэта не значыць, што мы не павінны імкнуцца яго наблізіць. Барацьба — гэта доўга. Можа быць, відавочны вынік убачыць будзе складана, але дастаткова таго, калі ў табе, у тваіх навакольных адбудуцца змены. Гэта ўжо нешта», — расказвае яна.
Сама дзяўчына часцяком сутыкалася з дыскрымінацыяй.
«Мяне не раз лапалі ў метро. Людзі вакол рабілі выгляд, што не заўважаюць, дапамагалі ў такіх выпадках толькі сяброўкі. Прывыкаеш, што павінна гарой стаяць за сябе і сябровак.
Неяк у парку мужчына схапіў мяне за руку і пацягнуў да нейкіх кустоў, таксама ніхто не дапамог адбівацца. Я разумею, што гэта адбываецца таму, што я дзяўчына, дастаткова невысокая і далікатная на выгляд. Такіх выпадкаў было шмат.
Калі я прыходзіла працаваць фотажурналісткай, да мяне часта ставіліся пагардліва. У гэтай прафесіі большасць — дарослыя мужчыны, яны дазвалялі сабе непрыстойныя жарты, часта спрабавалі пераканаць, што ў мяне не атрымаецца, таму што проста не хопіць сіл», — расказвае яна.
Аліна Мазавец. Фота: сацсеткі
Для Аліны 8 Сакавіка — памятны дзень, які звязаны з пратэстамі, жаночымі акцыямі.
«Але гэта таксама і пра свята, дастаткова прыемны і радасны дзень, яго можна і патрэбна святкаваць весела, але без падмен паняццяў, — тлумачыць яна. — Думаю, што ў цэлым класна, што многія гавораць пра сапраўдную гісторыю гэтага свята. Гэта не пра пяшчоту, вясну, а дзень падтрымкі жанчын у барацьбе за ўласныя правы. Не думаю, што трэба баяцца гэтага свята, як, напрыклад, 23 лютага, да яго ёсць пытанні. 8 Сакавіка — гэта магчымасць падсвяціць значнасць жанчын у навуцы, культуры, літаратуры і іншых сферах.
Кветкі не вінаватыя, што іх зрабілі сімвалам гэтага свята. Тут рэч у тым, што нельга збіраць усіх пад адзін грабянец: калі ты жанчына, то абавязкова павінна быць у захапленні ад сто адной ружы ружовага колеру. Ёсць тыя, якім такое падабаецца, але ёсць і іншыя, якім не.
Аліна спрабуе давесці, што жанчыны робяць шмат.
«З дзяцінства я бачыла прыклад сваёй мамы, якая робіць сама тыя ці іншыя крокі, зразумела, што ў ёй ёсць вялізная сіла. Я вучылася на журфаку, бачыла, як шмат там класных дзяўчат, як шмат яны робяць. У нейкі момант зразумела, што над гэтым усім навісае слова «феміністка». Знайшоўся тэрмін, які апісвае мае погляды.
Калі мне пішуць: «Хто ты? фатографка? Ха-ха», тут без шанцаў. У мяне больш няма рэсурсаў штосьці тлумачыць такому чалавеку. Таму, хто проста пацікавіцца, я спакойна раскажу, праінфармую. Мусіць, толькі так можна змагацца», — тлумачыць дзяўчына.
На фотасесіі да Аліны прыходзіць шмат дзяўчат, якія знаходзяцца ў тэрапіі з псіхатэрапеўтам, каб прапрацаваць тыя ці іншыя комплексы.
«Важна разумець, што на мне не ляжыць уся праца змагання з гэтымі комплексамі, — кажа яна. — Шлях па прыняцці сябе вялікі і няпросты. Проста кажу, што я прымаю страхі чалавека, якога фатаграфую, але не ўскладаю на сябе адказнасць поўнага збавення ад комплексаў іншага чалавека. Фотасесія — важная частка шляху прыняцця сябе, але далёка не панацэя. Тут патрэбная і сталая праца самога чалавека, і яго атачэння, і, магчыма, псіхолага.
У моманце я стараюся не акцэнтаваць увагу на частках цела, якія не падабаюцца чалавеку. Потым ён разнявольваецца, і я ўжо фатаграфую і так, і інакш. Яшчэ вельмі важна хваліць падчас фотасесіі, асабліва калі мадэль прымае нейкую ўдалую позу ці ўсміхаецца».
Найлепшым падарункам для Аліны на 8 Сакавіка было б нешта звязанае з фатаграфіяй.
«Ад паштоўкі да карты памяці, — кажа яна. —Я вельмі люблю класнае піва і ўпрыгожванні. А падарунак мары — сабака».
Чытайце таксама:
Louis Vuitton трапіў у скандал з-за анонсу сваёй новай жаночай калекцыі адзення
Эксклюзіўныя Apple Watch і нечаканы касплэй. Што цікавага мы знайшлі ў гардэробах чыноўніц