З Літвы ў Беларусь вывозяць рэкордную колькасць аўто. Але ў нашай краіне яны не затрымліваюцца
Па словах гандляроў, шукаюць нестарыя машыны, раскошныя мадэлі, піша Delfi са спасылкай на LNK. Канчатковая мэта — Расія.
07.03.2023 / 09:37
Regitra (дзяржпрадпрыемства, якое займаецца рэгістрацыяй аўто) фіксуе рост колькасці машын, якія вывозяцца з Літвы ў Беларусь.
«Мы бачым, што, у параўнанні з мінулым годам, вывозяць больш, у студзені—лютым 2022 года вывезлі 268, а сёлета — 2600 з лішнім аўтамабіляў. Рост відавочны, ён уражвае», — сказаў прадстаўнік Regitrа Саўлюс Шумінас.
Рэкордныя перамены пачаліся з пачатку гэтага года. Вывозяць у асноўным легкавыя аўтамабілі. Адзначаецца, што пакупнікі з пэўных сацыяльных груп, якія атрымліваюць вялікія льготы. «Гэта беларусы, якія менш плацяць падаткаў, — шматдзетныя, усякія ветэраны — яны бяруць машыны не старэйшыя за 2010 год, дзесьці 2010-2015 гг, менш плацяць пошліну», — сказаў адзін з прадаўцоў Каўнаскага аўтарынку.
У Беларусь вязуць машыны цаной 4000-5000 еўра: Volkswagen, Audi, Toyota. Беларусь раней не карысталася такой папулярнасцю, а цяпер адзначаюцца перамены.
«Стандартам пакуль застаецца Украіна (імпарт ва Украіну). Быў пік летась, у маі-чэрвені, тады ў іх знялі пошліны, яны ехалі масава, цяпер паток зменшыўся. Нейкія новыя напрамкі не з'явіліся», — кажа Саўлюс Шумінас.
Пасля таго, як у Літве ўсталяваўся новы парадак уліку ўладальнікаў, прадаўцы абавязаныя ўказваць, каму прададзенае аўто і які канчатковы пункт дастаўкі. Мяркуюць, што гэта дазволіла ўбачыць, якая колькасць аўто трапляе ў іншыя краіны.