Чаму Латушку далі больш гадоў «завочнай калоніі», чым Ціханоўскай?
Сёння гарадскі суд Мінска завочна адправіў у калонію некалькіх палітыкаў. Святлану Ціханоўскую пакаралі завочна 15 гадамі, Паўлу Латушку — 18. Чым Латушка больш раззлаваў рэжым? Спыталі яго самога.
06.03.2023 / 19:25
Павел Латушка. Скрын эфіру «Еўрарадыё»
Павел Латушка кажа, што не хоча параўноўваць тэрміны, бо «ў Беларусі няма судоў, няма пракурораў, няма адвакатаў, а рашэнне прымае асабіста Лукашэнка».
«Я прызнаю, што Святлана Ціханоўская з'яўляецца абранай прэзідэнткай і мы працягваем барацьбу, — адзначае палітык. — Тут пытанне не ў нашых тэрмінах. Пытанне ў тым, што мы можам і павінны зрабіць дзеля таго, каб вызваліць палітзняволеных, дзеля таго, каб змяніць сітуацыю ў нашай краіне і ліквідаваць гэты рэжым».
Павел Латушка кажа: «сёння Лукашэнка судзіў пустую клетку».
«Я не суддзя, не пракурор і не магу выносіць абвінавачванняў ці прысудаў, але я перакананы, што ў гэтай клетцы будзе сядзець Лукашэнка і ўсе ягоныя памагатыя. Яны адкажуць на нармальным крымінальным працэсе за тыя злачынствы, якія яны робяць не супраць мяне і не супраць Святланы Ціханоўскай, а супраць беларусаў, беларускага народу. Я ў гэта веру», — выказаўся прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.
На думку палітыка, сваім прысудам Лукашэнка дасылае яму сігнал, але разумее, што ў адказ пачуе «не, не спыніць».
Павел Латушка нагадвае: Лукашэнка яшчэ 1 верасня 2020 году сказаў, што ён перакрочыў чырвоную рысу і за тое адкажа.
«Ён успрымае ўсіх дзяржаўных службоўцаў, як людзей, якія павінны быць яму чымсьці абавязаныя. Ён не разумее, што той хто працуе ў дзяржаве — працуе для дзяржавы, павінен працаваць для дзяржавы і беларускага народу, а не прыслужваць адной асобе», — даводзіць палітык.
Паводле яго, Лукашэнка ўспрымае зыход службоўцаў да яго ў апазіцыю як здраду.
«Галоўнае, што я не здрадзіў беларускаму народу і гэта тое, што мяне сёння матывуе і я не маю права яму здрадзіць. Лукашэнку я ніколі прысягаў не даваў», — адзначае ён.
Павел Латушка не мае адназначнага адказу на пытанне, ці будзе абскарджваць вырак.
«Не думаў, шчыра кажучы, — адказвае ён. — Стварыць яшчэ адзін дадатковы працэсуальны дзень рэжыму? Які сэнс? Гэта не будзе адкрытым працэсам. У мяне няма адваката. Ён, нібы, ёсць, але рэальнага няма. Буду раіцца і прыму рашэнне. На сёння схільны, што не».
Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку прызналі вінаватымі ў змове, здзейсненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Іншых зняволеным па «справе Каардынацыйнай рады» Марыю Мароз, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага суд завочна адправіў у калонію на 12 гадоў.
У Паўла Латушкі аршытаваны зямельны ўчастак у Мінскім раёне, капітальны будынак у аграгарадку Ждановічы, грошы на банкаўскіх рахунках (больш за 31,8 тысячы еўра і $21,8 тысячы даляраў), а таксама іншая маёмасць.