Брытанская разведка: расіяне перакідваюць на фронт састарэлыя Т-62 і БТР-50

Расійскія вайскоўцы праз страту істотнай колькасці цяжкай бранятэхнікі ва Украіне вымушаныя задзейнічаць асноўныя баявыя танкі Т-62, піша Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.

06.03.2023 / 11:56

Фота: mil.in.ua

З мінулага лета з захоўвання былі знятыя прыкладна 800 танкаў Т-62. Некаторыя з іх атрымалі мадэрнізаваныя сістэмы прыцэльвання, якія, хутчэй за ўсё, павысяць іх эфектыўнасць у начны час.

Ёсць верагоднасць, што нават часткі галоўнага танкавага злучэння ў расійскай арміі — 1-й гвардзейскай танкавай арміі —будуць выкарыстоўваць Т-62, каб кампенсаваць папярэднія страты.

Раней меркавалася, што яны яшчэ ў 2021 годзе атрымаюць асноўныя баявыя танкі новага пакалення Т-14 «Армата».

У апошнія дні ва Украіне ўпершыню былі заўважаныя расійскія бронетранспарцёры БТР-50, упершыню ўзятыя на ўзбраенне яшчэ ў 1954 годзе.

Як адзначаецца ў справаздачы, гэтая тэхніка будзе ўразлівая на полі бою, у тым ліку з-за адсутнасці сучаснай рэактыўнай брані.

Nashaniva.com