Кітай паставіў на 2023 год сціплыя эканамічныя мэты

Кітай плануе павялічыць ВУП на 5%. Такая мэта была абвешчана на сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. 

05.03.2023 / 10:25

Сі Цзіньпін у цэнтры камуністычнага кіраўніцтва Кітая. Фота: «Сіньхуа»

Летась прырост ВУП склаў 3% пры плане росту 5,5%. Невыкананне плана было звязана з кавідам.

Варта адзначыць, што ў такіх таталітарных краінах, як Кітай, статыстыка часта бывае падманнай.

Урад Кітая чакае ў 2023 годзе інфляцыю 3%. Дэфіцыт бюджэту мае вырасці да 3%, што на 0,2% больш, чым у 2022-м.

Аналітыкі называюць мэту 5% эканамічнага росту «сціплай». За апошнія 30 гадоў Пекін ні разу не ставіў такіх нізкіх задач. Гэта азначае, што ўрад Кітая не будзе актыўна ўпампоўваць грошы ў эканоміку, што будзе мець тармозячы эфект і на сусветную гаспадарку. 

Звяртае ўвагу тое, што Пекін таксама абвясціў пра рост вайсковых выдаткаў на 7,2%, што стала самым высокім тэмпам росту за апошнія гады. Яны дасягнуць 1,55 трлн юаняў, або каля 225 мільярдаў даляраў.

Nashaniva.com